Служба бяспекі Украіны просіць прэзідэнта краіны надаць акадэміі ведамства імя Рамана Шухевіча. Пра гэта 4 верасня паведаміў прэсе кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.

Шухевіч быў камандзірам узброеных фармаванняў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінскай паўстанцкай арміі ў 1943-1950 гадах. Шухевіч быў адной з самых зненавідных постацяў для савецкай прапаганды. Для незалежнікаў ён быў прыкладам для захаплення. Дзякуючы выдатнай канспірацыі і арганізацыйным здольнасцям ён захаваў падполле баяздатным да 1948 году, а пасля таго як ваенныя дзеянні сталі прыносіць зашмат ахвяраў, згарнуў партызанскую барацьбу і яшчэ два гады паспяхова кіраваў нелегальнай сеткай. Ён загінуў у баі са спецыяльнай дыверсійнай групай савецкай бяспекі, што палявала на яго.

Шухевіч вылучаўся абсалютным нацыяналізмам і асабістым геройствам. У той час калі яго ў Прыкарпацці лавілі сотні агентаў, ён з падробным пашпартам выязджаў на лячэнне на кардыялагічны курорт пад Адэсу. Перад апошнім боем ён мог бы сысці ад пагоні, калі б пакінуў бязногую маці адной са сваіх ахоўніц - у апошнія гады яго ахоўвалі жанчыны.

Дагэтуль Акадэмія ўкраінскіх спецслужбаў, адпаведнік беларускага Інстытуту нацыянальнай бяспекі, насіла імя Івана Багуна - казацкага палкоўніка ў часах паўстання Хмяльніцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?