Хутка гэта стане магчымым — праплыць да канца па Аўгустоўскім канале, а потым па Нёмане трапіць у Друскенікі. Дзякуючы праекту Еўрапейскай камісіі «Невядомая Еўропа».

Аўгустоўскі канал злучае дзве краіны — Польшчу і Беларусь. Яго даўжыня больш за сто кіламетраў, з іх 22 кіламетры — на тэрыторыі Беларусі. Ужо больш за 30 гадоў у першыя выходныя красавіка на беларускай частцы Аўгустоўскага канала збіраюцца найлепшыя турысты-воднікі Беларусі. Тут яны адкрываюць сезон. І

кожны год турысты гавораць, як цікава было б не толькі плаваць па беларускай частцы, але і праплыць да канца па Аўгустоўскім канале, а потым па Нёмане трапіць у Друскенікі. За тры дні на байдарках. Каб убачыць тры краіны: Польшчу, Беларусь і Літву.

Спярша распрацавалі маршрут. І ў верасні 2008 года стартаваў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Невядомая Еўропа — развіццё турысцкай інфраструктуры польска-беларускага памежжа ў раёне Аўгустоўскага канала і ракі Нёман».

Фінансаванне праекта ажыццяўлялася Еўрапейскай Камісіяй. Беларуская частка праекта каштуе каля 440 000 еўра.

Маршрут вельмі добра ўпісваецца ў сучасную сістэму адпачынку. Адна з арыгінальных ідэй «Невядомай Еўропы» — так званы актыўны ўік-энд: пятніца — польскі Аўгустоў, субота — беларускі Гродна, нядзеля — літоўскі Друскінінкай. У Беларусь турысты будуць вяртацца на цягніках альбо аўтобусах.

Адна з асноўных мэтаў праекта — стварэнне магчымасцяў займацца актыўным турызмам для людзей з недахопамі фізічнага развіцця. Гэта значыць, што паўсюль па ходзе маршруту будуць пабудаваныя пандусы. Нават для інвалідных калясак прадугледжаныя спецыяльныя байдаркі.

Дарэчы,

маршруты распрацоўваюцца не толькі байдарачныя, але і веласіпедныя, і нават конныя.

Ёсць прыгожы аб’ект — Аўгустоўскі канал, ёсць распрацаваныя маршруты. Але для таго, каб адкрываць новы турыстычны напрамак, гэтага недастаткова. У першую чаргу, патрэбныя інструктары, якія могуць забяспечыць бяспеку турыстаў, распавесці пра маршрут. Як і менеджэры, якія змогуць разумна арганізаваць тур. Дзе іх узяць?

— Практычна ніхто са студэнтаў, што скончылі інстытут фізкультуры альбо школу турызму ва ўніверсітэце, не прыйшоў у актыўны адпачынак, — бядуе Сяргей Каляда, нацыянальны каардынатар праекта. — А ўсё таму, што самі выкладчыкі глыбока перакананыя ў тым, што турызм — гэта гатэль і пляж. А спецыяліст па турызме сядзіць у фатэлі за кампутарам і чакае кліентаў, якія прынясуць грошы на Турцыю. Мы лічым, што трэба ствараць турызм тут. І самі рыхтуем інструктараў і менеджэраў, якіх турфірмы змогуць пазней наняць на працу.

Для таго, каб выбраць патэнцыйных інструктараў і трэнераў, арганізатары праекта «Невядомая Еўропа» прыйшлі са сваімі прэзентацыямі ва ўсе профільныя ВНУ, прапанавалі паўдзельнічаць у праекце самім студэнтам.

— Ахвотных было шмат, — распавядае С.Каляда. — Конкурс — пяць чалавек на месца. Мы стараліся разгледзець менавіта такіх, хто пазней прысвяціць жыццё актыўнаму турызму. Адразу ж адсеяліся неспартыўныя, што не ўмелі плаваць, ездзіць на ровары. У выніку жорсткага адбору набралі групу з 12 чалавек, якія ўжо ў гэтым годзе прайшлі стажыроўку ў Польшчы. Яшчэ 12 паедуць у наступным.

— Я так рада, што прайшла адбор. Стажыроўка ў Польшчы была проста шыкоўная, — распавядае студэнтка Надзя, удзельніца праекта. — Нас падзялілі на дзве каманды. На роварах мы пераязджалі з пункта ў пункт — пушча, стайні — там мы каталіся на конях, вучыліся іх сядлаць. Жылі спярша ў намёце, потым у шыкоўным гатэлі, у аграсядзібе. Потым перасякалі мяжу на байдарках …

— Студэнты, якія прайшлі нашы стажыроўкі, ведаюць, што такое актыўны турызм. Яны вяртаюцца з Польшчы з ужо іншымі ўяўленнямі пра турызм, не турэцка-пляжны, — лічыць Сяргей Каляда.

Ужо ў верасні гэтага года першай групе прысвояць званне інструктараў.

Яшчэ адзін важны складнік для адкрыцця новага турыстычнага напрамку — месцы начлегу. Таму яшчэ адзін этап — гэта праца з гаспадарамі так званых аграсядзіб (сельскі турызм) і тымі, хто хоча імі стаць. Для знаёмства з еўрапейскім досведам яны таксама паехалі ў Польшчу.

— Магу сказаць, што ў палякаў ёсць чаму павучыцца, — распавядае гаспадар аграсядзібы Міхаіл, які толькі пачынае сваю справу. — Напрыклад, таму, як хутка і смачна яны гатуюць есці, як умеюць прывабліваць да сябе турыстаў, якія разнастайныя забавы ствараюць для іх. Іх турысты катаюцца на лодках, на конях, на роварах! Былі мы і ва ўжо дзейных аграсядзібах на Гродзеншчыне. І магу сказаць, што ўзровень сервісу ў нас таксама вельмі высокі.

Іншыя гаспадары аграсядзіб распавядаюць, што вярнуліся з Польшчы проста ў захапленні і абавязкова будуць выкарыстоўваць убачанае ў сябе.

— Мы зробім пуцевадзіцелі, турыстычныя карты, прамаркіруем прыблізна 180 кіламетраў турыстычных маршрутаў, а потым будзем прапаноўваць гэтыя маршруты турфірмам, — распавядае Сяргей Каляда.

У беларускіх аграсядзібах будзе ўсё, як у Еўропе.

Праект плануецца скончыць у верасні 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?