Менавіта гэты чалавек з’яўляецца сёння рэальна самым уплывовым у Рэспубліцы Беларусь. Настолькі ўплывовым, што ад яго залежыць будучыня самога прэзідэнта. Піша Аляксандр Фядута.

Аляксандр Лукашэнка з сынам наведваюць Ляскавічы (Гомельская вобл.).

Аляксандр Лукашэнка з сынам наведваюць Ляскавічы (Гомельская вобл.).

Гэты чалавек ніколі і нічога не лабіраваў. У яго няма ўласнага бізнесу, саюзнікаў, якім трэба дапамагаць, і ворагаў, з якімі варта змагацца. Ён ні ў што не ставіць уладу прэзідэнта, — і нягледзячы на гэта, прэзідэнт ані разу не выказаўся пра яго зневажальна.

Кропка ў біяграфіі

Некалі Аляксандр Лукашэнка падказаў мне, як скончыць ягоную палітычную біяграфію. Ён вырашыў правесці рэферэндум, што працягне ягоную ўладу. І дзень правядзення рэферэндуму стаў фінальнай кропкай у маёй кнізе. Цяпер, падчас інтэрв’ю Міхаілу Гусману, прэзідэнт упершыню так доўга і ўцямна гаварыў пра свайго малодшага сына. Чым засведчыў:

Коля Лукашэнка — такая ж публічная фігура, як і ўсе, каго Аляксандр Рыгоравіч прызнае членамі сваёй сям’і.

Я прынцыпова імкнуся не пісаць пра асабістае жыццё кіраўніка дзяржавы. Ёсць дзверы, каля якіх і ўлада, і грамадская думка мусяць спыніцца. Гэта — дзверы ў спальню. Чалавек мае права застацца сам-насам з тым, каго ён кахае. Прыватнае жыццё павінна адкрывацца толькі пастолькі, паколькі гэтага жадае той, каму належыць гэтае жыццё. Не пішу я пра асабістае жыццё Лукашэнкі і цяпер.

Ніякіх лордаў!

Сказаўшы, што ягоны малодшы сын калісьці стане ягоным пераемнікам, Лукашэнка-бацька паставіў яго на палітычную дошку.
Гэта зразумелі ўсе: Коля — палітычны фактар. Пра яго пачалі распавядаць анекдоты, дадумваць невядомыя старонкі ягонай біяграфіі. Натуральна, усё імгненна спісалі на лорда Бэла. Калі б лорда не было насамрэч, дзеля такога выпадку яго проста б выдумалі.

Аднак лорд Бэл ад самага пачатку не меў аніякага дачынення да з’яўлення сына на телеэкране. Гэта было зразумела кожнаму, хто ведаў Лукашэнку асабіста.

Рашэнне паказаць хлопчыка народу мог прыняць толькі адзін чалавек — ягоны бацька.
І ён гэтае рашэнне прыняў.

Застаецца пытанне матыву. Лукашэнка — чалавек кансерватыўны, ён не любіў нешта мяняць у сваім жыцці. Не любіў. Так было, пакуль не з’явіўся Коля.

Выклік электарату

Ад самага пачатку ўплывовай электаральнай групай Лукашэнкі былі жанчыны. Яны, заклапочаныя пусцеючым халадзільнікам, пагрозай застацца без працы, яны, якія ненавідзяць і адначасова баяцца страціць п’янага мужа, убачылі ў Лукашэнку своеасаблівы ідэал. Вось: мала п’е, спортам займаецца, гаспадар.

З’яўленне хлопчыка побач з прэзідэнтам было ўспрынятае гэтай катэгорыяй грамадзянак як выклік.

Мужчыны паставілі сябе на месца прэзідэнта. Жанчына ж паставіла сябе на іншую шахматную клетку. І адчула сябе прыніжанай.

Пра гэта гавораць у чэргах, у паліклініках, у вагонах — кожны дзень пасля таго, як па тэлебачанні паказваюць Колю. Хлопчыка, які нічога не падазрае.

Усялякі піяршчык пралічвае наступствы сваіх крокаў. Лорд Бэл — вельмі дасведчаны піяршчык, каб рызыкаваць такімі электаральнымі групамі. Лорда Бэла тут не было.

Колю паказалі людзям, таму што думалі пра яго болей, чым пра электарат.

За старэйшых прасіў

Я не ведаю, якім Аляксандр Лукашэнка быў бацькам для старэйшых сыноў. Хутчэй за ўсё, у яго не было для іх дастаткова часу, як у кожнага бацькі-кіраўніка. Дзевяць гадоў ён быў дырэктарам саўгаса, а да гэтага — гнятлівая і знясільваючая барацьба за тое, каб стаць самастойным кіраўніком. Потым — Вярхоўны Савет, змаганне за рэйтынг. Потым…

Потым дзеці выраслі. Трэ было думаць пра іх адукацыю.

Мне распавядалі, як дэпутат Лукашэнка прасіў, каб улічылі, што хлопчык вучыўся ў сельскай школе, што замежная мова не найлепшая...
За самога Лукашэнку-бацьку ў свой час прасіць не было каму, і свой бацькоўскі абавязак ён бачыў менавіта ў гэтым. У тым, каб дапамагчы.

Потым — войска. Ці шмат вы ведаеце прэзідэнтаў, у каго сыны пайшлі ў войска? Ясна, не ў шараговыя часці… Дык ва ўсім свеце сямейнікі прэзідэнта ахоўваюцца па законе. Уключаючы сыноў.

Найлепшая з сацыяльных роляў Аляксандра Лукашэнкі — бацька. Дакараюць у кумаўстве, у тым, што сыны занялі зручныя дзяржаўныя пасады. «А ён у яго проста памочнік!» — вось адказ.

Што да Колі, то гэта было асаблівае дзіця, якое ён не жадаў дзяліць ні з кім. І ён упершыню задумаўся пра будучыню свайго малодшага сына болей, чым пра сваю ўласную будучыню.

Лукашэнка баіцца за сына

Прэзідэнты пакідаюць свае рэзідэнцыі адным з двух спосабаў. Альбо паміраюць — і іх выносяць адтуль. Альбо пакідаюць уладу і сыходзяць самі.
Як менавіта пакінуць уладу — гэта іншае пытанне.

Да нядаўняга часу Аляксандр Лукашэнка быў перакананы, што пакіне сваю рэзідэнцыю толькі разам з жыццём. Улада была для яго адзіным сэнсам жыцця.

Цяпер гэты сэнс — не адзіны.

Спытайцеся любога мужчыну, што важнейшае для яго — улада ці ягонае дзіця. Ён выбера дзіця. Але паводле закона, якім бы ён ні быў, юрыдычныя гарантыі бяспекі атрымліваюць толькі афіцыйныя члены сям’і былога прэзідэнта. Немагчыма напісаць закон, згодна з якім гарантыі распаўсюджваліся б на пазашлюбных дзяцей і нават афіцыйна любімых пляменнікаў. Хлопчык у тэлевізары побач з бацькам — гэта дэманстратыўная ягоная легалізацыя ў якасці члена сям’і прэзідэнта. Гэта — ягоная абарона.

Лукашэнка паказаў сына і сказаў, што гэта — ягоны сын, бо баіцца за сына.

Сын важнейшы за ўладу.

...

Што з гэтага вынікае? Цалкам чытайце артыкул у №33 «Нашай Нівы». Пытайцеся ў кіёсках «Белсаюздруку». А найлепш — падпісвайцеся!

Раней у цыкле «Палітбюро-2009»:
Беларускі Троцкі
Міністр замежнага гандлю: Сяргей Мартынаў
Задачка з адным невядомым: Леанід Анфімаў
Класік урадавай думкі: Міхаіл Мясніковіч
Чалавек без якасцяў: Зянон Ломаць
Бацька хрышчонага сына: Андрэй Кабякоў
Кандыдат на ўсе вакансіі. Уладзімір Сямашка.
Будаўнік у банку. Пётр Пракаповіч.
Чалавек-невідзімка. Сяргей Ткачоў
Генерал мірнага часу: Юры Жадобін
Русалка ў аблоках: Наталля Пяткевіч.
Новы твар: Уладзімір Макей

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0