У сталіцы стаяць помнікі ў гонар крывічоў і Еўфрасінні Полацкай, а таксама сантэхніку ды майткам.

Напярэдадні свята прыгожага пісьменства ў Смаргоні, дзе ўрачыста ўсталявалі помнік Францішка Багушэвіча, літаратар і багушэвічазнаўца Уладзімір Содаль са скрухай зазначыў, што на менскай плошчы імя Багушэвіча, што за Музычным тэатрам, дагэтуль няма помніка «віноўніку» назвы.

Так, сапраўды шмат каму з дзеячоў помнікі можна ўбачыць толькі ў засені бэдэушнага падворку, дзе ад вока неўтаямнічаных мінчукоў хаваецца цэлы нацыянальны пантэон, але разам з тым на сталічных вулках ужо стаяць помнікі крывічам, Еўфрасінні Полацкай, а з больш экзатычных мінскіх скульптураў — помнікі сантэхніку і нават майткам.

1. Еўфрасіння і Касцюшка ў цэнтры сталіцы


Еўфрасіння Полацкая непадалёк ад Скарыны

Помнік асветніцы Еўфрасінні Полацкай знаходзіцца ля ўваходу ў Інстытут сродкаў аўтаматызацыі на цэнтральнай вуліцы гораду — праспекце Незалежнасці (ля дому №117), якіх паўкіламетра ад «нацыяналкі». У свой час скульптуру прытуліла кіраўніцтва інстытута, пасля таго, як помнік не прайшоў атэстацыі паводле памераў — яго палічылі замалым і адмовіліся ўсталёўваць у іншым, больш выгодным месцы. Пастамент помніка мае форму разгорнутае кнігі.


На невялікай адлегласці ад вучэльні, названай у гонар расійскага палкаводца і душыцеля паўстання 1794 году Аляксандра Суворава, стаіць бюст завадатара таго ж паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Хіба гэты бюст так проста не ўбачыш - ён знаходзіцца ў сярэдзіне будынку Амбасады ЗША (Старавіленская, 46). Як вядома, Касцюшка — нацыянальны герой не толькі Беларусі і Польшчы — у якасці генерала ён браў удзел у вайне за незалежнасць Амерыкі, і таму месцазнаходжанне касцюшкаўскага бюста — невыпадковае.


На Паўднёвым Захадзе, перад гандлёвым цэнтрам «Валгаград», стаіць зробленая яшчэ ў 80-ыя скульптурная кампазіцыя, прысвечаная племені крывічаў. Якая сувязь паміж расійскай правінцыяй і крывічамі? Дамо слова скульптару, Алесю Шатэрніку: «За савецкімі часамі было прынята называць гандлёвыя цэнтры паводле гарадоў СССР: «Рыга», «Вільнюс». Я атрымаў заказ зрабіць праект сукульптурнай кампазіцыіі перад гандлёвым цэнтрам «Валгаград». Ну, што можна зрабіць на тэму «Валгаград»: не «Радзіму-маці» ж з мечам капіяваць?! І я стварыў не звязаную з Валгаградам кампазіцыю, што было блізка майму сэрцу, скульптуру пра крывічоў. Калі ў прыёмнай камісіі запыталіся, якая сувязь паміж Валгаградам і продкамі беларусаў, крывічамі, я адказаў, што нашыя продкі хадзілі на ладдзях далёка на Ўсход, ажно да Волгі. Камісія пасмяялася, але праз колькі дзён праект скульптуры ўхвалілі».

2. Кіраў ды іншыя кіраўнікі


Нязломны Сярго за дротам

Акрамя двух помнікаў Дзяржынскаму, незлічонай процьмы Леніных, у Менску непарушна стаяць помнікі іншым камуністычным дзеячам, пра якіх ужо забылі, здаецца, нават у калысцы бальшавісцкай рэвалюцыі, Расіі. На рагу вуліц Кульман і Коласа (праўда, на тэрыторыі заводу) стаіць помнік Сярго Арджанікідзэ, наркаму цяжкай прамысловасці і намесніку Сталіна, а на вуліцы Першамайская, недалёк ад парка імя Горкага, — бюст аднаго з самых любых павадыроў перадваеннага СССР, застрэленага ў 1934 годзе пры загадкавых абставінах Сяргея Кірава.

3. Помнік скрадзеным майткам


Ва Ўладзіміра Жбанава, аўтара гарадскіх скульптураў «Дзяўчынка з парасонам» і «Курэц» у Міхалаўскім скверы, быў папярэднік. Гэта скульптар Мікалай Кандрацьеў: паводле яго праекту яшчэ ў савецкія часы на вуліцы Веры Харужай (ля дому 14) усталявалі як тады казалі «скульптуру малых формаў», па часе трапна ахрышчаную мінчукамі «Аддай майткі!». У цэнтры гарэзлівай кампазіцыі «Гуляючых дзетак» — сподняе аголенага хлопчыка, якое ў запале адбірае малая дзяўчынка.


На вуліцы Кедышкі (ля дому 33) сярод парку вылез экзатычны парастак беларускай абстракцыі. Парастак пакуль што кволы, але заўважна ажыўляе прылежны парчык, куды, пэўна, пад уплывам новых веянняў прывезлі лаўкі арыгінальнага дызайну. Спадзяемся, абстакцыяў на вуліцах Мінску будзе больш, каб не толькі перад старымі помнікамі камуністычнымі павадыроў мінчукі спыняліся і няўцямна пыталіся: «А гэта хто?»


Працу сантэхніка ў нас паважаюць. Вось на вуліцы Караля (каля д.17), недалёк ад крамы «Радыётэхніка», нават усталявалі помнік у гонар работніка помпы і пракладкі. Скульптар з замілаванасцю дадаў да скульптуры сапраўдны развадны ключ і кран. Заўважым, што за колькі месяцаў свайго існавання гэты помнік, які стаіць без пастамента пасярод звычайнага мінскага двара, паводле словаў жыхароў прылежнага дому ні разу не рабіўся аб'ектам нападу блюзнераў. На «Сантэхніка» на першым часе хіба колькі разоў мала не наехалі на сваіх аўто самі ўражаныя скульптурай жыхары.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?