09.09.2009 / 11:22

Уладыка Сафроній вярнуўся да службы

Уладыку выпісалі з бальніцы хуткай дапамогі, дзе яму зрабілі паспяховую аперацыю пасля нажавога ранення.

Епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, на якога 23 жніўня ў храме напаў мужчына, пайшоў на папраўку. Уладыку выпісалі з бальніцы хуткай дапамогі, дзе яму зрабілі паспяховую аперацыю пасля нажавога ранення.

У нядзелю Сафроній адслужыў у Магілёўскім кафедральным саборы Трох Свяціцеляў падзячны малебен.

— Дзякуй Богу! — адказаў уладыка Сафроній на пытанне карэспандэнта «Звязды» пра здароўе.

Ці не ўзмацнілі ахову магілёўскага епіскапа пасля нападу? «Мая ахова — Бог», — лічыць Сафроній.

Магіляўчанін, які напаў у храме на ўладыку, арыштаваны і за кратамі чакае суда. Як паведаміў першы намеснік Ленінскага РАУС г. Магілёва Сяргей Каралёў, злачынца выкрыты. У міліцыі таксама пацвердзілі інфармацыю аб праблемах з псіхічным здароўем 36‑гадовага мужчыны: за некалькі дзён да нападу на епіскапа ён выйшаў з Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы.

— Я не ведаю ступені яго раскаяння, — сказаў уладыка Сафроній аб сваім стаўленні да чалавека, які напаў на яго і параніў. — Няхай праваахоўныя органы разбіраюцца з ім і вызначаюць ступень яго віны.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру