Мікалая Аўтуховіча перавялі з медычнай часткі менскага следчага ізалятару ў агульную камеру.
8 верасня з прадпрымальнікам бачыўся адвакат Павал Сапелка:
«Яго перавялі ў панядзелак, 7 верасня. У той камеры 20 чалавек, а разлічана яна на меней. Лічу, што знаходжанне Аўтуховіча, якому патрэбны медычны нагляд, фактычна можна назваць катаваннем», — сказаў адвакат вязня Павал Сапелка.
Паводле адваката, Мікалай Аўтуховіч выглядае значна схуднелым. «Есць ён толькі садавіну і гародніну, турэмную ежу не ўжывае», — паведаміў адвакат. Каментаваць справы следства Павал Сапелка адмовіўся.
Сёння 7 месяцаў як у Ваўкавыску быў арыштаваны Мікалай Аўтуховіч, а таксама ягоныя знаёмыя Уладзімер Асіпенка і Юрый Лявонаў. Іх абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта. Паводле МУС, Мікалай Аўтуховіч таксама падазраецца ў падрыхтоўцы тэракту. Вядома, што сваёй віны ніхто з трох фігурантаў справы не прызнае.
Шмат хто ў Беларусі і свеце мяркуе, што Аўтуховіча і ягоных знаёмых пераследуюць паводле палітычных прычын.