Газета «Звязда» надрукавала вялікую гутарку «Мова мяняецца, бо жывая» з доктарам фiлалагiчных навук, прафесарам, галоўным спецыялiстам Iнстытута мовы i лiтаратуры НАН Беларусi Генадзем Цыхуном. Науковец разважае аб галоўных тэндэнцыях развіцця беларускай мовы на сучасным этапе.

— У пэўны перыяд была i зараз яшчэ прысутнiчае спроба адштурхнуцца ад рускай мовы, што цалкам натуральна для любой мовы ў перыяд, калi назiраюцца асiмiляцыйныя тэндэнцыi.
Тады людзi свядома пазбягаюць якога-небудзь старажытнага слова толькi таму, што яно ёсць у той мове, якая пагражае. У беларускай мове такi працэс адбываецца таму, што ў свой час была адваротная тэндэнцыя да зблiжэння беларускай i рускай моў, гэта была свядомая палiтычная тэндэнцыя яшчэ сталiнскiх часоў, калi праз зблiжэнне стваралася такая сiтуацыя, што беларускiя словы адрознiвалiся ад рускiх толькi нейкiмi фанетычнымi цi iншымi фармальнымi прыкметамi, а змест быў аднолькавым. Такiм чынам адбываецца асiмiляцыя адной мовы да другой, у вынiку чаго неабходнасць у адной з iх адпадае, слабейшая моўная матэрыя становiцца збыткоўнай, не мае права на жыццё.

Пра паланізмы

— У свой час галоўнай пагрозай была паланiзацыя. У наш час пагроза з боку рускай у дзясяткi разоў большая, чым з боку польскай, таму

ўжыванне польскiх слоў — гэта спроба аднавiць адлегласць памiж беларускай i рускай.
Лепш за ўсё было б, як пiсаў Якуб Колас, пашукаць па кiшэнях сваё, часта так i здараецца, узнiкаюць словы, якiя не супадаюць нi з польскiмi, нi з рускiмi — дзеля таго, каб гэтую адлегласць захаваць. А ўжыванне паланiзмаў iдзе або ад няведання польскай (калi чалавек не разумее, што гэта польскае слова, на першы план для яго выходзiць тое, што яно адрознае ад рускага), або гэта свядомае ўжыванне з разуменнем таго, што ўжыць польскае для нас на гэтым этапе не так страшна, як рускае. Але
само па сабе такое кiданне ў бакi расхiствае лодку, у якой мы сядзiм, таму для стабiлiзацыi мовы трэба, каб было сваё.

Пра тарашкевіцу

— Нельга двойчы ўвайсцi ў адну i тую ж рэчку. Розныя моўныя стандарты, на мой погляд, сапраўды раз'ядноўваюць грамадства. У нашых умовах, калi з мовай цяжкая сiтуацыя, такiя з'явы не на карысць мове. Таму многiя, у тым лiку «Наша Нiва» вымушаны былi адмовiцца ад гэтай iдэi — бо час для гэтага непадыходны.

Гэта была штучная, падтрыманая, вiдаць, эмiграцыяй з'ява. Але я лiчу, што яна была карысная. Найперш яна ўзбагацiла сiнанiмiчную сiстэму нашай мовы:
у савецкiя часы было толькi адно нейкае слова, а тут з'явiлася iншае — калi ласка, ёсць з чаго выбiраць, хочаш — бяры «лiстоўку», хочаш — «улётку». Нiчога трагiчнага ў гэтым няма. Гэта з'ява расхiстала казённы, чыгунны савецкi стандарт. Але цяпер у нашай сiтуацыi няма карысцi ад такога супрацьпастаўлення.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?