Лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч працягвае праходзіць курс рэабілітацыі пасля аперацыі ў родных Берштах. Тым не менш, у мінулую суботу ён наведаў з’езд Партыі БНФ.

«Наша Ніва»: Аляксандр Уладзіміравіч, як здароўе?

Аляксандр Мілінкевіч: Нармальна. На з’ездзе БНФ маглі бачыць, што яшчэ не бегаю, але ўжо хаджу.

«НН»: Якія ўвогуле ўражанні пакінуў з’езд?

АМ: Розныя. І добрыя, і кепскія. Ацэнку новаму кіраўніцтву дасць толькі час. Але на маё перакананне, у кожнай палітычнай сіле павінны змяняцца лідэры, твары.

Прыемна, што з’езд праходзіў у жорсткай і бескампраміснай барацьбе, але ў межах дэмакратычных працэдур. Далёка не кожная палітычная сіла сёння здольная на гэта. БНФ засведчыў, што ён жывы.
Зычу новаму кіраўніцтву большага аўтарытэту ўнутры грамадства. З негатыўнага — не спадабалася, што мала гаварылі пра будучыню Беларусі, пра стратэгію развіцця, пра геапалітычны аспект. Было шмат персанальнай барацьбы, але мала дыскусій па асноўных пытаннях.

«НН»: Пасля перамогі Янукевіча можна гаварыць пра стварэнне правай нацыянальнай кааліцыі?

АМ:

Пра гэта размова ідзе вельмі даўно. З такой ініцыятывай я выступаў яшчэ на Кангрэсе дэмсіл у 2007 годзе. Нацыянальная праеўрапейская кааліцыя мусіць паўстаць.
АДС добры як пляцоўка для абмеркаванняў, круглы стол. У межах АДС можна вырашаць нейкія тэхнічныя пытанні, але не больш за тое. У склад арганізацыі ўваходзяць вельмі розныя сілы. Мяне вось здзівіла, што кандыдат ад АДС на праймерыз павінен адказаць на пытанне: «Чаму не мусіць быць Лукашэнкі?». Для мяне больш важнае пытанне: «Чаму мусім быць мы?». Некаторыя апазіцыянеры часта кажуць, што вось мы скінем Лукашэнку, а пасля разбярэмся. Людзям вельмі гэта не падабаецца. Мы павінны даць ясную мадэль рэформаў, якую мы правядзём у выпадку перамогі.

«НН»: Можа за лета вызначыліся, ці будзеце ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах?

АМ:

Я гатовы ўдзельнічаць. Але для гэтага павінна быць утвораная нацыянальная кааліцыя. Патрэбная сіла, якая будзе здольная да барацьбы. А ўдзельнічаць для таго, каб у працоўнай кніжцы быў яшчэ адзін запіс, што я быў кандыдат у прэзідэнты, мне не хочацца.
Ужо адзін маю. Павінна быць праведзеная кампанія за якую не будзе сорамна, як мне не было сорамна за 2006 год. Вельмі важна таксама ведаць па якіх правілах будзе адбывацца гульня, ці будуць змены ў выбарчым заканадаўстве. Я камандны чалавек, буду слухаць, што кажуць людзі. Толькі потым вызначуся са сваім удзелам у выбарах.

«НН»: А якія цяпер планы, чым займаецеся?

АМ: Самае важнае цяпер — падрыхтоўка да «Еўрапейскага форуму», што пройдзе 14 лістапада. Не хочацца, каб гэтае мерапрыемства складалася з чытання адных дакладаў, хай і патрэбных, але нудных. Хочацца зрабіць для людзей свята, каб форум знайшоў свой водгук унутры грамадства.

«НН»: А ездзіць куды‑небудзь плануеце?

АМ: Так, будуць паездкі па рэгіёнах. Паеду ў тыя раёны, дзе не праходзілі сходы па вылучэнні дэлегатаў на Форум. Таксама запланаваныя візіты ў Галандыю на Сусветны форум праваабаронцаў і ў Швецыю па запрашэнні міністра па справах Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?