Новаабраны лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў прапанову стварыць правацэнтрысцкую кааліцыю нацыянальна‑патрыятычных дэмакратычных сілаў. У складзе магчымай кааліцыі ён бачыць БНФ, Хрысціянскую Дэмакратыю, Рух за свабоду і іншыя патрыятычныя арганізацыі. Карэспандэнт «Нашай Нівы» апытала палітыкаў, якую назву, на іх думку, павінна атрымаць новая кааліцыя.
Ігар Лялькоў, намеснік старшыні Партыі БНФ:
Найбольш прыгожая назва для такой кааліцыі — «Патрыятычныя». Гэтым словам усе сказана.
Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:
Назва нічога не вырашае. Галоўнае стварыць кааліцыю, а наступным крокам будзем прыдумляць назву. Я б назваў «Бел‑чырвона‑белыя» — гэта якраз тое, што мы ўсе ёсць.
Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху за Свабоду:
Я думаю «Рух у Еўропу» можна назваць, альбо яшчэ лепш «Беларускі рух у Еўропу». Думаю адзін з накірункаў працы кааліцыі можа быць Еўрапейскі выбар Беларусі.
Наста Палажанка, сяброўка Маладога Фронту:
Думаю напачатку трэба падумаць над сутнасць кааліцыі, а не над назвай. Калі гэта будзе проста «правацэнтрысцкі блок» — для размытых беларускіх рэаліяў будзе нармалёва.
Сяржук Семянюк, сябар Моладзі БНФ:
Пажадана, каб у назве слова правацэнтрысцкая засталося. Таму мая прапанова — «Правацэнтрысцкая кааліцыя» ці можна прасцей «Правая кааліцыя».
Алесь Міхалевіч, палітык:
Цікавае пытанне. Я думаў ужо над тым, як яе будуць называць. Мая прапанова — «Заўтра Беларусі».