Фота Прессбола

Фота Прессбола

Зборная Беларусі згуляла ўнічыю 0:0 са зборнай Украіны ў матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету па футболе.

Матч прайшоў 9 верасня на мінскім стадыёне «Дынама».

Беларусь: Жаўноў — Шытаў, Сасноўскі, Пласконны (Дз.Лянцэвіч, 57), Юрэвіч — Калачоў, Амельянчук, Кульчы, А.Глеб — Кутузаў (В.Глеб, 88), Карніленка (Ковель, 77).

Украіна: Пятаў — Мандзюк, Кучар, Чыгрынскі, Кобін — Гусеў (Назаранка, 60), Тымашчук, Гай, Ярмоленка — Мілеўскі, Шаўчэнка (Варонін, 88).

Папярэджанні: Шытаў, Амельянчук — Мандзюк, Шаўчэнка.

Суддзя: Віктар Кашаі (Венгрыя).

***

Украінцам, каб захаваць добрыя шанцы на 2-е месца, а значыць і стыкавыя матчы, трэба было абавязкова перамагаць. Беларусам таксама трэба была перамога. Дзеля прынцыпу і дзеля сваіх заўзятараў. Ці трэцяга месца ў групе.

Ужо на 6-й хвіліне Кульчы прабіў па варожых варотах, потым шанцы мелі Кутузаў, Глеб.

Украінцы агрызаліся. Ды яшчэ як. На 12-й хвіліне першага тайма Жаўноў парыраваў удар Гая, а праз тры хвіліны нашы ледзь адбіліся ад удараў Шаўчэнкі і Чыгрынскага.

Даставалася ад заўзятараў Мілеўскаму. Калі ён кранаўся мяча, стадыён пачынаў штомоцы свістаць і крычаць «Фу». Мілеўскі ў сваю чаргу «нарываўся»:

то рыбкай нырне, то падставіцца пад абаронцу. Нават украінскім журналістам гэта надакучыла. «Ды колькі можна, задзяўбаў ужо сваімі падзеннямі» -- насамрэч яны сказалі больш эмацыйна і вельмі нецэнзурна.

Нягледзячы на тое, што беларусы ў другім тайме нарасцілі атакі, гэта ні да чога, на жаль, не прывяло. Ключавым момантам быў удар па варотах на 73-й хвіліне Карніленкі (а дагэтуль выхад адзін-на адзін Глеба), калі Пятаў ледзь перавёў мяч Карніленкі на вуглавы. Потым Пятаў выручыў яшчэ раз, гэтым разам пасля ўдару Ковеля.

Праўда, за пару хвілін да канца гульні беларусы праваронілі Мілеўскага, і «жоўта-блакітныя» маглі выйграць на апошніх хвілінах. Забіў, праўда, з афсайду Шаўчэнка, за што зарабіў жоўтую картку.

***

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер зборнай Украіны Аляксей Міхайлічэнка выглядаў змрочным, лаканічным … і абачлівым. Пахваліўшы беларусаў, што не далі выйграць, ён прапанаваў пачакаць выніку матчу Англія – Харватыя, што пачаўся 22-й у Лондане, і тады ўжо рабіць нейкія высновы.

На правакацыйнае пытанне ўкраінскага журналіста: «Як можна марыць пра выхад на чэмпіянат свету і пры гэтым не выйграць у беларусаў».

Міхайлічэнка зазначыў: «Галоўнае, што не прайгралі».

Бернд Штанге адразу быў настроены на крытыку ў свой бок: «Кампліменты тут не дапамогуць. Украіна павінна была перамагаць,а мы вельмі вельмі хацелі. Але лік 0:0».

Гер Штанге заявіў, што дзве гульні запар беларусы паказвалі, што могуць гуляць на роўных з моцнымі зборнымі, але, на жаль, забіць у гасцявым матчы з Харватыяй і сёння ў Мінску не ўдалося.

«За пятнаццаць год мы так і не наблізіліся да ўзроўню Харватыі і Украіны».

«У нас яшчэ шмат працы, каб наблізіцца да ўзроўню Англіі і Харватыі». Чарговы раз трэнер беларусаў паскардзіўся на слабасць беларускага чэмпіянату. «У нас уся абарона беларуская, гэта гулялі гульцы нашай лігі, гэта не ўзровень Кіева і Данецка».

На традыцыйнае пытанне пра ўзровень гульні Аляксандра Глеба, Бернд Штанге заявіў: «Глеб – асаблівы, ён радуе гледачоў хуткім дрыблінгам, але ён яшчэ не на 100% у форме, я думаў, што ён пагуляе толькі 60-70 хвілін. Мне трэнер «Штутгарта» адарве галаву [за тое, што не замяніў Глеба], пажартаваў трэнер і адразу пасур’ёзнеў. –

Нам трэба мець чатыры Аляксандра Глебы, каб прабіцца на чэмпіянат свету па футболе».

Наступны матч зборная Беларусі правядзе 10 кастрычніка з Казахстанам.

Гэтая гульня пройдзе ў Брэсце.
«Там будзе поўны стадыён, -- выказаў упэўненасць Бернд Штанге. – А потым, 14 кастрычніка, матч з Англіяй на «Уэмблі». Гэта мара многіх гульцоў згуляць там».

Сёння ў нашай групе прайшлі два матчы. Казахстан выйграў у гасцях у Андоры – 3:1,

а Англія на «Уэмблі» разграміла Харватыю – 5:1 (па два мячы забілі Лэмпард і Джэрард, адзін мяч на рахунку Руні).

Украіна захоўвае шанцы на 2-е месца. Для гэтага трэба перамагаць дома ўжо не матываваную Англію

Турнірнае становішча: Англія – 24 (8 гульняў), Харватыя – 17 (9), Украіна — 15 (8), Беларусь — 10 (8), Казахстан — 6 (8), Андора — 0 (9).

Англія афіцыйна заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету.

10 кастрычніка:

Беларусь — Казахстан,
Украіна - Англія

14 кастрычніка:

Англія — Беларусь,
Андора — Украіна,
Казахстан — Харватыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?