10.09.2009 / 17:32

Расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі: чым тое скончылася ў XVIIІ ст.? 7

Спачатку Расія атрымала магчымасць уводзіць войскі па патрэбе. Пасля — права размяшчаць іх пастаянна. Каб нарэшце паралізаваць дзяржапарат Рэчы Паспалітай.

Спачатку Расія атрымала магчымасць уводзіць войскі па патрэбе. Пасля — права размяшчаць іх пастаянна. Каб нарэшце паралізаваць дзяржапарат Рэчы Паспалітай.

Дэсант 6000 расійскіх вайскоўцаў на вучэнні ў Беларусь выклікаў увагу і часам пратэсты. Ён прыцягнуў увагу да вайсковых адносінаў з Расіяй — суседам, які 200 гадоў акупаваў Беларусь.

Расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі пачалася даўно. Яна мае сваю гісторыю і шэраг прычын. Мы пагутарылі на гэтую тэму з гісторыкам Яўгенам Анішчанкам.

«НН»: Спадар Яўген, з якога часу можна гаварыць аб пачатку прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі?

ЯА: Перыядычна расійскія вайскоўцы пачалі з’яўляцца на беларускіх землях яшчэ ў часе так званага «Вялікага патопу» – войнаў ВКЛ з Масквой у XVII ст. Жаўнеры найбольш займаліся звычайным рабаваннем, здабываючы сабе прадукты.

Пачаткам юрыдычна аформленай расійскай прысутнасці можна лічыць 1717 год, калі адбыўся так званы «Нямы сейм», дзе Пятро І атрымаў дазвол на часовы ўвод сваіх войскаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай у выпадку ваеннай небяспекі для Расійскай Імперыі. Натуральна, што далёка не ўсім тое падабалася, аднак унутраныя спрэчкі паміж магнацкімі родамі Рэчы Паспалітай дазвалялі Расіі ўмешвацца ў справы краіны.

«НН»: А пачынаючы з якога часу расійскія войскі стала знаходзіліся на нашых землях?

ЯА: Ад 1768 года. Незадоўга перад першым падзелам Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына ІІ змагла знайсці падтрымку ў магнацкага роду Чартарыйскіх, з дапамогай якіх быў атрыманы легальны статус для расійскіх вайсковых адзінак.

«НН»: Чаму вайсковая прысутнасць на беларускіх землях мела такое вялікае значэнне для Масквы? Якімі былі прычыны гэтай зацікаўленасці?

ЯА: Расійскія войскі на беларускіх землях з’явіліся па розных палітычных прычынах. Сярод іх асаблівае месца займала жаданне Расіі ўдзельнічаць у еўрапейскіх справах, займаць значнае месца на міжнароднай еўрапейскай арэне. Еўропа заўсёды падазрона ставілася да Расіі і не жадала дапускаць яе да сваіх спраў. Легальна трымаючы свае войскі на тэрыторыі еўрапейскай краіны, якой у той час з’яўлялася Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя магла павялічыць свой уплыў на еўрапейскую палітыку.

«НН»: Што адбывалася з расійскімі войскамі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якую ролю яны адыгрывалі на беларускіх тэрыторыях?

ЯА: Пасля падзелаў расійскія войскі пастаянна знаходзіліся тут. Месцамі іх дыслакацыі былі павятовыя і губернcкія цэнтры – Кобрын, Ліда, Ваўкавыск і іншыя. Пазней, з мэтай ізаляцыі расійскіх вайскоўцаў ад мясцовага насельніцтва, ад ягонага ўплыву, былі пабудаваныя вялікія гарнізоны, з лазарэтамі і іншай інфраструктурай: у Бабруйску, Дзвінску, іншых месцах. Войска было апорай расійскай адміністрацыі на землях Рэчы Паспалітай. Першымі чыноўнікамі былі менавіта расійскія вайскоўцы.

«НН»: Ці існавала розніца ў паводзінах расійскіх вайскоўцаў у Беларусі і ў глыбіні Расійскай Імперыі?

ЯА: Можна сказаць, што стаўленне да насельніцтва акупаваных беларускіх зямель было больш лагодным, чым у Расіі – расійская адміністрацыя ўлічвала той факт, што стаўленне да яе з боку карэннага насельніцтва было насцярожаным.

АП

0
Кот / Адказаць
10.09.2009 / 17:46
Спачатку Расія атрымала магчымасць уводзіць войскі па патрэбе. Пасля — права размяшчаць іх пастаянна. --------------- Гiсторыя паўтараецца. Не цяжка прасачыць, што цяпер адбываецца тое ж самае. Пад прыкрыцьцём рознай балбатнi, усялякiмi хiтрыкамi мэтанакiравана ажыццяўляецца анэксiя краiны. Менавiтам таму, учора, усяго та нейкiх 50 беларускiх хлопчыкаў ды дзяўчат выклiкалi гэтакую звар`яцелую рэакцыю ў здраднiкаў Беларусi. Бо парушылi цемрашалам такi патрэбны iм авечы спакой ды цiшыню, пад якi зьнiшчаецца незалежнасьць, разбураецца Канстытуцыя Радзiмы на нашых вачах.
0
Кот / Адказаць
10.09.2009 / 17:57
Паводле В.Івашкевіча, удзельнікаў акцыі зьбівалі па-садысцку ня толькі на плошчы, але і ў аўтобусе, увесь час міліцыянты нецэнзурна лаяліся і называлі сябе "карным органам”. На ўспамiнах затрыманых, яшчэ нiколi раней карнiкi не паводзiлы сябе гэтак па зьвярынаму. Хто яшчэ мае сумненьнье як акупанцкая ўлада будзе сябе паводзiць, калi адкрыта пачне сдаваць Беларусь Крамлю? Беларуская кроў ракою пальецца.
0
1514 / Адказаць
10.09.2009 / 18:14
Запомнім гэты дзень – 9 верасня 2009 года. На усякі выпадак. Магчыма, нічога занадта ўжо страшнага з краінай пакуль яшчэ не адбудзецца. Але не варта сумнявацца і ў тым, што дзень гэты ў найноўшую гісторыю краіны ўвойдзе. Падзея далёка не другарадная. Побач з ёю ўсе іншыя чэзнуць і адступаюць у цень. І тое, што адбылося, яшчэ не аднойчы ў жыцці кожнага тут адгукнецца. У гэты ціхі і сонечны дзень у Беларусь увайшоў першы эшалон расійскіх салдат. І глыбока начхаць на тое, хто яны – саюзнікі, суседзі, браты. Ці як яшчэ назаве потым іх афіцыйная прапаганда. Факт застаецца фактам. Упершыню пасля абвяшчэння незалежнасці войска чужынцаў уваходзіць у нашу краіну. І чым жа сустрэла іх гордая і незалежная Рэспубліка Беларусь? Ды ўсё тым жа – поўнай абыякавасцю да ўласнага лёсу. Напярэдадні тыя, хто пры ўладзе, настойліва пераконвалі грамадства, што нічога страшнага ўвогуле няма. Ніякі не аншлюс. Усяго толькі вайсковыя манеўры. Сумесныя з расійскімі ўзброенымі сіламі. Нікуды ж не падзенешся – нападпісвалі ў свой час папер. Цяпер даводзіцца выконваць абавязацельствы, узятыя паводле тых дамоваў. Што ні кажы – саюзная дзяржава. І накіроўвае ў Беларусь толькі шасцітысячны кантынгент. Нейкія тры брыгады. А каб здейсніць поўнавартасную акупацыю краіны, патрэбна тысяч трыста. Ну пастраляюць. Пагалёкаюць. Чаго тут хвалявацца? На вялікі жаль, не ўсё так міла і бяскрыўдна. Трыста тысяч для акупацыі – гэта калі супраціўляецца краіна. А калі такая моцная пятая калона, ды яшчэ пры ўладзе, дастаткова і трох дэсантных батальёнаў. Расійскі бок наконт манеўраў тых абсалютна шчыры: “будут отрабатываться возможности перегруппировки Вооруженных Сил России на территории Белоруссии”. Якія тут каментары яшчэ патрэбны? Мала таго, дык яшчэ і падкрэсліваюць, што манеўраў такога маштабу тут ніколі не было. Мімаволі ўзнікае пытанне, а хто ж стварыў такую пагрозу краіне, што давялося тэрмінова распачынаць гэткія гульні ў вайну? Беларусь даўно заявіла пра свій нейтралітэт. Цывілізаваны свет з павагай сустрэў гэты выбар. І пры ўсім жаданні патэнцыйных ворагаў на Захадзе знайсці нікому пакуль не ўдаецца. Дык навошта тут спатрэбіліся раптам расійскія танкі? Пытанне магло б застацца без адказу, каб не апошняя паездка правіцеля ў Сочы, па выніках якой нічога ўцямнага прэс-службы паведаміць так і не змаглі. А напярэдадні назіральнікі сцвярджалі, што будзе ў адносінах саюзнікаў вялікі пералом. І вырашаць яны там ці не ўсе лёсавызначальныя пытанні. І раптам - цішыня. Дык пра што яны там гаварылі? А ўсё пра тое ж – пра гаротны стан нязменна-незаменнага. Зусім верагодна, што крамлёўскі гаспадар на пальцах патлумачыў, чаго той у бліжэйшы час можна чакаць на Захадзе, дома і ў Расіі. Нічога добрага. Крызіс паглыбляецца. Выбары на носе. І нават на звычайную перадвыбарчую костку для электарату сродкаў у занадта самастойнага правіцеля няма. Крэсла, да якога прыкарэў, без расійскай падтрымкі гэтым разам можна не ўтрымаць. І іншыя знайшліся аргументы. Настолькі важкія, што госцю засталося толькі публічна захапляцца мудрасцю гаспадара. І тэрмінова пагаджацца на ўсе ягоныя ўмовы. А таму вайсковы рэйд у Беларусь - яшчэ толькі кветачкі. Але недаацэньваць і гэтую падзею нельга. Не мае значэння, колькі ўвайшло чужых салдат. Для нацыянальнай ганьбы дастаткова. Парушана табу. Перайшлі тую рысу, якую да гэтага часу парушаць не наважваўся ніхто. Цяпер яны ўжо знойдуць дарогу ў глыбіню краіны. А тым болей, падставу для новага паходу. І ні ад якога НАТА яны тут бараніць нікога не збіраюцца. Войска ўсходняга суседа рэпеціруе аднаўленне найвышэйшага кіруючага крэсла ў выпадку магчымай небяспекі для ягонага ўладальніка. І такім чынам забеспечвае заадно і перспектывы сваёй прысутнасці. Паміж гаспадаром Крамля і начальнікам тэрыторыі, абранай для імперскай экспансіі, адбылася прымітыўная здзелка. Ніхто з іх не мае ніякіх ілюзій наконт перспектыў “братняга саюзу”. Пайшоў звычайны бартэр. Паслуга за паслугу. Ужо ўвечары дзевятага можна было пераканацца, як улада будзе забяспечваць інтарэс расійцаў. Тутэйшыя іх паслугачы правялі ў межах абвешчаных манеўраў першы бой у цэнтры Мінска. Змаганне з тымі, хто выйшаў бараніць Айчыну. І супрацьпаставіў карнікам годнасць і адвагу. Такой звярынай расправы даўно ўжо не было. Людзей збівалі. Кідалі на зямлю. Тапталі нагамі. Збілі Віктара Івашкевіча. Зміцера Бандарэнку ўдарылі некалькі разоў па галаве. Змітру Дашкевічу выкруцілі руку. Садысты не звярталі ўвагі, што перад імі старыя ці дзяўчаты. Схапілі некалькі дзесяткаў чалавек. Зацягвалі ў аўтобусы і збівалі зноў. Дзікунскае шаленства раз’юшанай арды. Наймітам улады падалося, што яны ў той дзень перамаглі. Але поспехам ім наўрад ці варта цешыцца. Яны не першыя, хто з дапамогай чужынццаў спрабаў надоўга тут уладкавацца. І выслужыцца перад акупантамі. Вядома добра, чым усё тое скончылася.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру