Узровень зарэгістраванага беспрацоўя за жнівень павысіўся на 0,1 працэнтнага пункта і дасягнуў на 1 верасня 1 % да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва рэспублікі, паведамілі ў галоўным упраўленні палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Такое ўражанне, што беспрацоўе выйшла з водпуску і дзвярэй навучальных устаноў. Хоць нічога надзвычайнага ў гэтым няма - тыповая сітуацыя для асенняй пары. Па-першае, у дзяржслужбу занятасці прыходзіць моладзь, якая засталася «за бортам» абітурыенцкай кампаніі. Па-другое, па садзейнічанне ў набыцці пастаяннага месца работы звяртаюцца людзі, якія былі заняты на сезонных работах або займаліся ў вясенне-летні перыяд працай на прысядзібных і дачных участках.

Як вядома, у якасці антыкрызіснай меры наймальнікі больш актыўна выкарыстоўваюць вымушаныя водпускі і няпоўны рабочы час, каб захаваць працоўныя калектывы, падтрымаць сваіх работнікаў хоць бы частковымі заработкамі замест звальненняў. Безумоўна, вымушаную няпоўную занятасць работнікаў на вытворчасці трэба разглядаць як рэзервуар для патэнцыяльнага росту беспрацоўя. Магчыма (такой статыстыкі няма), сярод «новых» беспрацоўных ужо ёсць людзі, якія пажадалі пакінуць сваё рабочае месца на нестабільна працуючым прадпрыемстве і скарыстаць паслугі дзяржслужбы занятасці. Дарэчы, за восем месяцаў бягучага года ў якасці беспрацоўных зарэгістраваны 2,4 тыс. звольненых у сувязі са скарачэннем штату або ліквідацыяй арганізацыі - на 7,7 % менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 г.

Зрэшты, «прыбаўка» 0,1 % характэрна не для ўсіх рэгіёнаў краіны - рост беспрацоўя зафіксаваны ў Брэсцкай, Магілёўскай абласцях і ў Мінску. На 1 верасня самы высокі паказчык зарэгістраванага беспрацоўя быў у Віцебскай і Брэсцкай абласцях (1,2 %), самы нізкі - у Мінску (0,5 %).

У Беларусі на ўліку па беспрацоўю на 1 верасня 2009 г. былі 44,6 тыс. чалавек (год таму - на 5,4 % менш). Як паказвае маніторынг сітуацыі на рынку працы, асноўны прырост колькасці ўлічаных беспрацоўных прыпаў у гэтым годзе на студзень-люты. На працягу сакавіка-мая гэты паказчык вагаўся ў межах 44-46 тыс. чалавек. У канцы мая намецілася пазітыўная тэндэнцыя змяншэння колькасці беспрацоўных. Але яна «пратрымалася» нядоўга: калі на 1 ліпеня на ўліку па беспрацоўю былі 41,7 тыс. чалавек, то на 1 жніўня іх было 42,6 тыс.

Аднак гэта не прывяло да значнага «націску» на рынак працы рэспублікі - на ім захоўваецца кіруемая кантралюемая сітуацыя, якая не нясе ў сабе вялікага адмоўнага патэнцыялу. У параўнанні са студзенем-жніўнем 2008 г. у дзяржслужбу занятасці звярнуліся па садзейнічанне ў працаўладкаванні на 1,4 % чалавек больш, павялічылася і рэгістрацыя ў якасці беспрацоўных (на 2,3 %). А вось колькасць тых, каму патрэбна працаўладкаванне, стала ніжэйшай на 1,6 %.

Нагадаем, Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2009-2010 гг прадугледжана, што ўзровень беспрацоўя да канца гэтага года не перасягне 1,1-1,2 % да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0