10 верасня Першы нацыянальны тэлеканал і «Беларусь-ТВ» пакажуць у прамым эфіры фінал дзіцячага конкурсу «Песня для Еўрабачання» — адборачнага тура міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2009».

Незадоўга да прамой трансляцыі гала-канцэрта фіналістаў у студыі Белтэлерадыёкампаніі прайшоў генеральны прагон шоу, на якім пабывалі карэспандэнты БелаПАН.

Канкурсанты будуць спяваць ужывую, з выкарыстаннем фанаграмы «мінус адзін». Пераможца, які прадставіць Беларусь на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне-2009» у Кіеве, вызначыцца па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы (50% на 50%).

Згодна з вынікамі лёсавання, фіналісты выступяць у наступным парадку:

1. Кацярына Мяжэнная (Мінск), «Толькі каханне».

2. Гурт «РоКі» — Кірыл Ермакоў і Раман Валазнёў (Мінск), «Толькі наперад!»

3. Дар'я Шульгіна (Гродна), «Вогненныя ноты».

4. Юрый Дземідовіч (Мінск), «Чароўны трусік».

5. Злата Ларчанка (Дзяржынск), «Баба-Яга — 2009».

6. Дзіяна Гузіна (Гродна), «Мару лятаць».

7. Кацярына Мурашка (Магілёў), «Дзень нараджэння».

8. Паліна Клішкова (Магілёў), «За зоркай».

9. Магамед Асланаў (Гродна), «Цік-так».

10. Дзіяна Громава (Гомель), «Гэй, хлопчыкі і дзяўчынкі».

У інтэрв'ю БелаПАН Кірыл Ермакоў падзяліўся:

«Настрой перадконкурсны. Ёсць доля хвалявання, ёсць доля ўпэўненасці, ну і, вядома, мы спадзяёмся на перамогу».

Яго сябар па дуэце «РоКі» Раман Валазнёў паведміў:

«Наша песня пра тое, што трэба імкнуцца толькі наперад, ніколі не азірацца назад. І мы хочам, вядома, каб гэтая песня была ўсім зразумелая, каб мы добра праспявалі і данеслі да гледача».

Гамяльчанка Дзіяна Громава:

«Хвалююся вядома, але трэба верыць у сябе, і тады ўсё атрымаецца.

Доўга думала, якую выбраць песню. Таму што ўсе тэмы ўжо нібыта былі — сонца, дружба… І вырашыла праспяваць пра ўзаемаадносіны хлопчыкаў і дзяўчынак».

На яе думку, сёлета ўсе ўдзельнікі, якія дайшлі да фіналу, — моцныя, усе ёй падабаюцца, «так што цяжка кагосьці выдзеліць».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0