Мастацкі пленэр «Новы Свет вачыма дзяцей» пройдзе 12 верасня ў раёне «Новы Свет». Пленэр пачнецца з экскурсіі па старых вулках раёну, пад час якой удзельнікі даведаюцца аб гісторыі ўзнікнення і развіцця гэтага раёна Гродна, яго ўнікальнасці і непаўторнасці, вядомых асобах, якія тут жылі.

Акрамя пазнавальнай вандроўкі па старых утульных вулачках і задавальнення ад творчасці, ўдзельнікі атрымаюць шанец выйграць падарунак, бо ўсе малюнкі прымуць удзел у конкурсе.

Журы, якое будзе складацца з жыхароў «Новага Свету», гісторыкаў і мастакоў, вызначыць найлепшыя малюнкі, а іх аўтары будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі. Абвяшчэнне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца пад час адкрыцця выставы на пачатку лістапада. Яна будзе складацца з малюнкаў зробленых у час пленэра, сучасных і старых фотаздымкаў «Новага Свету» і разнастайных рэчаў ад жыхароў гэтага раёна. Кожны наведвальнік выставы зможа атрымаць памятныя паштоўкі з малюнкамі, зробленымі ўдзельнікамі пленэра.

Каб узяць удзел у мерапрыемстве не абавязкова быць геніяльным мастаком – галоўнае мець пры сабе жаданне маляваць і любоў да свайго горада, яны абавязкова ўвасобяцца ў што-небудзь прыгожае, няхай і не ўсім зразумелае.

І адзін нюанс: пленэр для дзяцей! Калі вы афіцыйна ўжо не ў дзіцячым узросце, але адчуваеце сябе дзіцём ці маеце дзяцей – прыходзьце ўсе разам! Толькі папярэдне варта патэлефанаваць да Юлі (+375 29 280 09 14) ці Віталя (+375 29 786 79 33) і паведаміць аб сваім жаданні ўдзельнічаць у пленэры, а мы вам скажам дзе і ў колькі сустракаемся. Нават калі вы не маеце алоўкаў, пэндзляў, фарбы ці паперы – гэта не перашкода і не нагода, каб не прыходзіць. Скажыце, і мы знойдзем для вас усё неабходнае.

Да сустрэчы на пленэры ў Новым Свеце!

Harodnia.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0