А ў Мінску пройдзе паказ дакументальнага фільма «11 верасня».

Наведвальнікі музея, прысвечанага падзеям 11 верасня 2001 года, змогуць азнаёміцца з поглядамі тэрарыстаў, паведамляе агенцтва Reuters .

Нацыянальны мемарыял «Музей 11 верасня» будуецца ў Нью-Йорку на месцы вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтра, разбураных у 2001 годзе. У музеі будуць прадстаўленыя фотаздымкі 19 угоншчыкаў і цытаты з відэаролікаў, знятых тэратыстамі, ў друкаваным выглядзе. Ідэя азнаёміць наведвальнікаў з іх матывацыяй узнікала і раней, але гэта выклікала масавую незадаволенасць. У прыватнасці быў адкінуты праект уключэння ў экспазіцыю матэрыялаў пра савецкую інтэрвенцыю ў Афганістан, якая паўплывала на ўзнікненне тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіда».

Але зараз вырашана, што здымкі і цытаты з іх заяў павінны стаць часткай экспазіцыі. Пры гэтым кіраўніцтва музея ўпэўнена, што ні ў каго з наведвальнікаў музея не ўзнікне думкі пра гераізм тэрарыстаў.

11 верасня 2009 года адзначаецца восьмая гадавіна тэрактаў у Нью-Йорку і Вашынгтоне. Упершыню гэтая дата афіцыйна адзначана як Нацыянальны дзень служэння і памяці.

11 верасня два самалёты ўрэзаліся ў вежы-блізняты ў Нью-Йорку, трэці – у будынак Пентагона ў сталічным прыгарадзе і чацвёрты разбіўся ў штаце Пенсільванія. Агулам лік ахвяр тэрактаў 2001 года складае 2974 чалавека, 24 чалавека лічацца зніклымі без звестак.

Прадстаўнік «Аль-Каіды» Халід Шэйх Мухамед, які прызнаў сябе арганізатарам тэрактаў, зараз знаходзіцца пад вартай.

ВЖ

***

У Мінску пройдзе паказ дакументальнага фільма «11 верасня»

З 14 па 18 верасня ў 12.30 у відэакомплексе «Цэнтр-відэа» пройдзе паказ дакументальнага фільма «11 верасня». Гэта кінаальманах з 11 навел, у якіх сусветна вядомыя рэжысёры імкнуцца пераасэнсаваць трагедыю 11 верасня. У гэты дзень у 2001 годзе ў ЗША была здзейснена серыя тэрарыстычных актаў, у якіх загінула амаль 3 тыс. чалавек.

Сярод аўтараў кінаальманаха — Аляхандра Гансалес Ін'ярыту, Клод Лялуш, Кен Лоўч, Юсэф Шахін, Амас Гітай, Міра Наір, Шон Пэн. Кінанавелы знятыя ў розных стылях, з рознай ступенню дакументальнай дакладнасці, але ўсе яны прысвечаныя трагічным падзеям 11 верасня.

Паказ прымеркаваны да Сусветнага дня міру, які адзначаецца 21 верасня. Гэты дзень, як «дзень глабальнага спынення агню і адмовы ад гвалту», закліканы прымусіць людзей не толькі задумацца пра мір, але і зрабіць што-небудзь дзеля яго, адзначаюць арганізатары паказу.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0