Юрыя Ільева вінавацяць у нанясенні шкоды прадпрыемству ў сотні тысяч даляраў.
КДБ Гомельскай вобласці распачаў другую крымінальную справу ў дачыненні былога гендырэктара ААТ «Гомельшкло Юрыя Ільева. Гэта стала вынікам праверкі, якая выявіла факты злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паведаміла БЕЛТА.
У маі мінулага года Ільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ падчас атрымання хабару. Паводле дадзенага факту распачалі крымінальную справу.
Апошняя праверка прадпрыемства выявіла факты, якія ўказваюць на злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з боку былога гендырэктара. У парушэнне дамоваў на арэнду будаўнічых машын, што былі заключаныя з адной з гомельскіх фірмаў, таварыства заплаціла лішніх 174,7 млн рублёў. Акрамя таго, прадпрыемства неабгрунтавана спісала запазычанасць украінскіх камерцыйных структур з прычыны пераацэнкі абавязацельстваў. У выніку ў краіну не паступіла экспартная выручка, а прадпрыемству «Гомельшкло» нанесеная шкода ў 287,7 тысячаў даляраў.