Грошы пойдуць на рэстаўрацыю экспанатаў музею.

На пляцоўцы Музея народнай архітэктуры і побыту 12 верасня прайшоў дабрачынны фолк-фестываль «Камяніца». На сцэну выйшлі музыканты гуртоў «Гаротніца», «Нагуаль», «Джамбібум», «Стары Ольса», «Крыві» ды іншыя. Шэсць гадзінаў музычнага задавальнення падараваў фестываль некалькім тысячам слухачоў і 9 мільёнаў рублёў прыбытку самому музею.

Як паведаміла Еўрарадыё дырэктар музею Святлана Лакотка, гэтыя грошы пойдуць на рэстаўрацыю экспанатаў музею.

Святлана Лакотка:

«Грошы пойдуць на рамонт асобных брамак, варот, асобных канструкцыйных элементаў на помніках. Бо помнікі ў нас дэманструюцца пад адкрытым небам. Зразумела, што ў гэтых умовах яны будуць перыядычна патрабаваць рамонту. Нягледзячы на тое, што мы біяпрапітку робім, біяапрацоўку, усё адно гэта матэрыял, які падвяргаецца дэструкцыі».

Па словах дырэктара, работнікі музея вельмі задаволеныя першым вопытам правядзення фолк-фестывалю на сваёй пляцоўцы. І мараць, каб ён не стаў адзіным.

Адзначым, што ўваход на фестываль каштаваў столькі ж колькі і квіток у сам музей — 6300 рублёў для дарослых і 3150 — для школьнікаў і студэнтаў.

Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0