Кіраўнік Беларусі даў інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas».

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што адносіны ягонай краіны з Літвой вельмі добрыя, а тое, што ён як прэзідэнт палітычна камусьці здаецца непрымальным, то гэта ўжо не ягоная праблема. «Па праўдзе кажучы, не абцяжарваю сябе думкамі пра тое, што можна чакаць ад гэтага візіту. Нашы адносіны з Літвой вельмі добрыя», – сказаў ён у інтэрв’ю.

За нашу і вашу Клайпеду

А.Лукашэнка падцвердзіў, што ў адносінах вельмі важнае пытанне транзіту.

«Яшчэ з савецкіх часоў мы працавалі праз Калінінградскі порт – праз нашу і вашу Клайпеду. Клайпеда непадалёк, нам добра вядомы шлях грузаў. Ладная частка бюджэту Літвы – гэта прыбыткі ад беларускага транзіту праз Клайпедскі порт. Мы з гэтага шляху зварочваць намеру не маем. (...) Кажучы гэта, хачу падкрэсліць: у нас няма вялікіх эканамічных праблем. Не магу згадаць аніводнага факта аб эканамічных праблемах з Літвой. Не пераймаюся праз нашы адносіны з Літвой», – сказаў А.Лукашэнка.

Ён сцвярджае, што чакае сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаускайтэ: «Чакаю добрай сустрэчы са сваім калегам прэзідэнтам Літвы – у нас ёсць пра што пагутарыць. Мы незакрытыя людзі і ведаем, чаго чакаюць нашы народы», – сказаў прэзідэнт Беларусі.

Дэманізацыя не страшная

«Лукашэнку ў Літве дэманізавалі, як і ў некаторых іншых краінах Еўропы. Я ўжо шмат гадоў займаю пасаду прэзідэнта. Можа, вам ужо надакучыла, што я ўсё яшчэ на гэтай пасадзе. Але гэта праблема кожнага чалавека ў Літве і Беларусі», – сказаў А.Лукашэнка.

Ён заявіў, што быў сярод тых, хто падтрымліваў незалежнасць Літвы. Пра што, па ягоных словах, былы cтаршыня Вярхоўнага Савета — Аднаўленчага Сойму Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, крытыкуючы кіраўніка Беларусі, забывае.

«Ведаеце, дзе быў Лукашэнка ў найцяжэйшы момант, калі стралялі ў Вільні? У Вільні, у Вярхоўным Савеце. Праз барыкады мы прабіраліся ў Вярхоўны Савет да Вітаўтаса Ландсбергіса, каб выказаць салідарнасць. Мы жадаем, каб у Літве быў мір»,
– сказаў кіраўнік Беларусі.

І ўсё-ткі, па словах кіраўніка суседняй краіны, цяпер В.Ландсбергіс называе яго ворагам. «Зараз гэтага дэпутата Лукашэнку называюць дыктатарам і ворагам. Ворагам мяне лічыць і В.Ландсбергіс. У яго кароткая памяць», – сцвярджае А.Лукашэнка.

Усхопчык добры

А.Лукашэнка абвяргае абвінавачванні ва ўкрывальніцтве віноўніка падзеяў 13 студзеня 1991 году Уладзіміра Ўсхопчыка, які даў каманду страляць.

«Я не ведаю такога факта, каб гэты генерал даваў каманду страляць. Калі б ён страляў у людзей, ён бы не толькі не атрымаў такой пасады, але і дня не правёў бы тут.
Чаму вашы ўлады не прадставілі мне доказаў? Мы пра гэта чуем толькі ад журналістаў», – сцвярджаў А.Лукашэнка і запэўніў, што калі б звярнуліся літоўскія пракуроры, то гэтае пытанне было б расследавана.

«Такое пытанне нельга ігнараваць. Калі літоўскай пракуратуры спатрэбіцца інфармацыя, мы адкажам. Але ваша пытанне, не наша. У нас няма інфармацыі пра тое, што яны – ворагі. Яны сумленна, годна служылі Беларусі. У мяне да іх прэтэнзій няма. Наколькі я ведаю, яны ўжо на пенсіі», – сказаў А.Лукашэнка.

Delfi.lt

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0