Сталі вядомыя акалічнасьці гібелі 20-гадовага беларускага студэнта Аляксея Васілеўскага, які быў забіты ў ЗША. Аднак адказу на пытаньне, хто і чаму забіў беларускага хлопца, пакуль няма. Піша Ірына Чарняўка.

Нагадаем, што трагічная навіна з амэрыканскага штату Мэн прыйшла 20 чэрвеня. У невялічкім гарадку Ўэлз быў забіты 20-гадовы студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксей Васілеўскі, які за два дні перад тым прыбыў у Штаты па студэнцкай праграме і ўладкаваўся на працу. Цела хлопца знайшлі раніцай каля інтэрнату, у якім жывуць такія самыя студэнты зь Беларусі, Поль-шчы, Баўгарыі. Хлопец памёр ад удару нажом у шыю. Праз паўтара тыдня Аляксееў бацька прывёз цела сына з Штатаў і пахаваў у родным Шчучыне.

«За што?! Вось вы мне скажыце, за што можна за два дні забіць дзіця?! Бываюць катастрофы, бываюць здарэньні – там ніхто не вінаваты. Але тут хтосьці мусіць быць пакараны за тое, што майго сына забілі!» – гэтым пытаньнем вось ужо месяц жыве маці Аляксея Яніна Браніславаўна.

«Гэта быў чалавек будучыні...»

Сапраўды, сьмяротных ворагаў у Штатах Аляксей мець ня мог: зь Беларусі прыляцеў сам, а там пражыў замала, каб пасьпець кагосьці так супраць сябе настроіць. Дый мяркуючы па тым, якую характарыстыку даюць хлопцу людзі, што яго ведалі, у яго ў прынцыпе не магло быць ворагаў. «Добры хлопец, спакойны, яго любілі. Талковы, не задзірысты, выдатна вучыўся, старанна вывучаў ангельскую мову, – кажа Аляксеева былая клясная кіраўніца Таіса Майко».

«Ён паступіў на платнае, а праз год яго перавялі на бюджэт за добрую вучобу. Ён жа атрымоўваў павышаную стыпэндыю, – кажа дзядзька хлопца Анатоль Васілеўскі. – Гэта быў мой любімы пляменьнік: сьціплы, абсалютна бесканфліктны, працавіты, мэтанакіраваны – хлопец, які хоча жыць! Ён так даўно марыў убачыць Амэрыку і паехаў туды зусім не па грошы, з гэтым у сям’і праблем няма. Ён хацеў убачыць сьвет!»

«Я магу сказаць, што Аляксей – гэта чалавек будучыні», – кажа Аляксеева аднакурсьніца.

«Я такога сына страціла – ня ведаю, як мне жыць далей! – плача маці. – Ён такі сын добры, увесь час мне тэлефанаваў». «Мамачка, я буду табе кожны дзень тэлефанаваць, ты не пераймайся!» – абяцаў ён перад адлётам.

На пытаньне, ці мог Аляксей справакаваць нейкі спантанны канфлікт, які б імгненна перарос у бойку, усе адказваюць катэгарычна: «Не!»

«Напішу праз дні тры...»

Між тым сьледчыя штату Мэн найбольш імавернай лічаць вэрсію самазабойства. Дзядзька Анатоль Васілеўскі, які разам са сваім братам Рыгорам, Аляксеевым бацькам, лятаў у Штаты па цела пляменьніка, распавёў «НН» пра размову са сьледчым, сэржантам Мэцью Сьцюартам. Той на карысьць вэрсіі самазабойства прывёў два аргумэнты. Па-першае, нож, знойдзены недалёка ад цела, меў адбіткі пальцаў толькі Аляксея і ніякіх іншых. Па-другое, на шыі хлопца была толькі адна рана, сьмяротная, але каля яе – яшчэ некалькі наколаў на скуры. Па вэрсіі сьледчага, такім чынам хлопец прымяраўся, каб дакладна ўдарыць сябе ў сонную артэрыю.

Аднак для сваякоў гэтыя аргумэнты падаюцца зусім непераканаўчымі: «Нож гэты – звычайны кухонны, з кухні інтэрнату. Там павінны былі быць адбіткі сама меней некалькіх дзясяткаў чалавек, а чамусьці засталіся толькі Аляксеевы!» – кажа Анатоль Васілеўскі.

А ў тое, што Аляксей мог прымервацца да ўдару ва ўласную шыю, гэта значыць разважліва рыхтаваў суіцыд, родныя катэгарычна адмаўляюцца верыць.

Дый як паверыць, калі за некалькі гадзінаў да сьмерці Аляксей даслаў родным абсалютна аптымістычны электронны ліст: «Усім вітаньне! Сёньня быў першы працоўны дзень! Працаваў толькі, праўда, 3 гадзіны! З заўтрашняга дня пачынаецца паўнавартасная праца, 10 гадзінаў!.. 5 працоўных дзён на тыдзень! На жаль, ня здолеў пакуль набыць сабе лісапед, безь якога тут практычна як бязь ежы – самы неабходны сродак!.. Учора хадзіў на акіян, проста цудоўна, загараў на сонцы, троху падпаліў скуру – сёньня ўжо нармальна!.. Ня ведаю, калі змагу напісаць наступным разам, хутчэй празь дзянькі 3–4!»

Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ шэраг дэталяў, якія падаюцца сваякам нелягічнымі і, зь іхнага пункту гледжаньня, сьведчаць на карысьць вэрсіі аб забойстве.

«Нам абяцалі паказаць усё...»

Цела Аляксея было знойдзенае наступным ранкам непадалёк ад лесьвіцы на заднім двары невялікага будынку студэнцкага інтэрнату. Гэтыя ўсходы вядуць з задняга двара на супольную кухню першага паверху. Пад лесьвіцай ёсьць закуток, дзе студэнты на ноч пакідаюць свае ровары. Менавіта гэтае месца, самае цёмнае ў двары, – адзінае, якое не асьвятляецца ўначы. І менавіта тут быў забіты Аляксей.

Сьледчы мяркуе, што трагічнае здарэньне адбылося між другой і чацьвёртай гадзінамі ночы. Хлопец пасьля ўдару нажом жыў яшчэ максымум дзьве хвіліны, і ў гэтыя дзьве хвіліны ён поўз да лесьвіцы, здолеў прапаўзьці каля шасьці метраў. У гэты момант яго заўважыла зводдаль беларуска, жыхарка інтэрнату, якая вярталася са спатканьня са сваім хлопцам. Яна пасьля расказала сьледзтву, што бачыла, як паўзе нейкі чалавек, але падумала, што гэта нейкі п’яны, асаблівай увагі на яго не зьвярнула ды пайшла да сябе. Ніякіх крыкаў перад тым яна таксама, кажа, ня чула. Але родныя хлопца мяркуюць, што дзяўчына ведае больш, чым распавяла.

«Мы былі на гэтым месцы праз тыдзень пасьля Аляксеевай сьмерці, – расказвае Анатоль. – Трава там заставалася ўся прапітаная яго крывёю».

У ноч гібелі Аляксея на студэнцкай кухні была гулянка. Пра гэта сваякі даведаліся не ад сьледзтва – Анатоль разгаварыўся па-польску з польскай студэнткай, калі наведваў інтэрнат. Дзяўчына расказала, што жыхарам інтэрнату адміністрацыя вытлумачыла выпадак такім чынам: хлопец наглытаўся наркотыкаў і сам сябе забіў.

Дзядзьку і бацьку не паказалі пакою, дзе два апошнія дні пражыў Аляксей, бібліятэкарка адмовілася пусьціць іх да кампутара, на якім хлопец пісаў свой апошні мэйл.

«Калі мы ляцелі ў Штаты, нам абяцалі паказаць усё, што мы захочам паглядзець, і арганізаваць сустрэчы з усімі, з кім мы захочам паразмаўляць, – расказвае Анатоль. – А на самай справе аказалася так, што нас ад інфармацыі далікатна адсунулі: то сустрэчы не маглі адбыцца, то адбываліся, але ўсе размовы трэба было хутчэй-хутчэй заканчваць».

«Мы баяліся, што нам не аддадуць цела...»

Але найбольш змучылі сваякоў праблемы з вывазам цела. «Мы вырашылі ні на чым не настойваць, нічога не дамагацца, бо баяліся, што нам ўвогуле не дадуць вывезьці Аляксея», – кажа Анатоль Васілеўскі.

Паездку Аляксея Васілеўскага, а пасьля і візыт сваякоў па яго цела арганізоўвала менская фірма «Star Travel». У Штатах прымаючай арганізацыяй для беларускіх студэнтаў была кампанія CIEE («Council on International Educational Exchange»), гэтая ж фірма ўзяла на сябе клопат пра сваякоў і кампэнсавала затраты на перавозку цела, што не былі прадугледжаныя страхоўкай Аляксея. Перакладчыца CIEE увесь час суправаджала дзядзьку і бацьку хлопца, першы дзень, пакуль не запячаталі труну, зь імі быў таксама прадстаўнік беларускага консульства ў Вашынгтоне Віктар Чараховіч.

Вылецець у Менск плянавалі ў сераду, але раптам ад перакладчыцы даведаліся, што «Люфтганза» ня хоча везьці на борце труну. Пазьней CIEE паведаміла, што дамовілася зь «Люфтганзай» на вылет у чацьвер, але тут тэлефануе В.Чараховіч і кажа, што вывезьці труну можна будзе толькі ў нядзелю. У чацьвер, калі ўжо стаялі на рэгістрацыі, перакладчыца зноў паведаміла, што ёсьць праблемы. «Мажліва, што ўсё сапраўды так і было, як яны казалі, і тут толькі нейкая няўзгодненасць атрымалася, але выглядала на тое, быццам CIEE была зацікаўлена ў тым, каб мы ня надта цікавіліся акалічнасьцямі гібелі, а беларускае консульства – тым, каб мы, змучаныя ўсім гэтым, распачалі міжнародны скандал», – кажа Анатоль.

«Мы хочам ведаць – за што...»

Віктар Чараховіч паведаміў нам, што беларускае дыпляматычнае ведамства даслала спэцыяльную ноту на адрас дзярждэпартамэнту ЗША з просьбай, каб сьледзтва было праведзена як мага дакладней і апэратыўней.

БТ яшчэ да пахаваньня хлопца выдала сюжэт, у якім было заяўлена, што Аляксей Васілеўскі меў праблемы з вучобай, таму і зьехаў у Злучаныя Штаты, «паддаўшыся на абяцанкі лягчэйшага жыцьця».

«Яшчэ там, у Штатах, мы з бацькам Аляксея вырашылі, што калі іх мэта – скандал, то мы гэтага скандалу падняць не дамо, – кажа Анатоль Васілеўскі. – Мы проста хочам ведаць – як і за што яго забілі!»

P.S. У БНТУ, асабліва на факультэце маркетынгу, мэнэджмэнту і прадпрымальніцтва, дзе на трэцім курсе вучыўся Аляксей, студэнтаў, што таксама зьехалі ў Амэрыку на лета, плянуюць выгнаць з вучобы. Юрыдычная падстава – пропуск вытворчай практыкі. Як расказаў «Нашай Ніве» намесьнік дэкана факультэту Андрэй Рахлей, такая норма існуе даўно, але раней «дапускаліся розныя вольнасьці». Пасьля трагічнага здарэньня адміністрацыя факультэту будзе дзейнічаць згодна з правіламі вышэйшай школы: «Хто своечасова ня здасьць практыку без паважнай прычыны, будзе выключаны», – кажа намесьнік дэкана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0