Кіламетр дабудаванай нядаўна ля Масквы абхадной дарогі каштаваў 537 міліёнаў долараў.

 Фота mosday.ru.

Фота mosday.ru.

Гэта больш, чым кошт кіламетру тунэлю пад Ла-Маншам ці нават кіламетру суперсучаснага вялікага адроннага калайдэра, пабудаванага на мяжы Францыі і Швейцарыі.

У любімай песні мэра Юрыя Лужкова, якая гучыць з вулічных дынамікаў падчас кожнага маскоўскага свята, паўтараецца прыпеў: «Дарагая мая сталіца, залатая мая Масква». І насамрэч Масква, якой Юрый Лужкоў кіруе ужо 17 год, столькі ж, колькі генсек Леанід Брэжнеў кіраваў Савецкім Саюзам, рэкордна дарагая.

Нядаўна Барыс Нямцоў, былы віцэпрэм’ер, а сёння адзін з кіраўнікоў апазіцыйнага руху «Салідарнасць», апублікаваў рапарт «Лужкоў. Вынікі», у якім занатаваў маскоўскія рэкорды. Апошнім часам Масква была самым дарагім горадам свету. У гэтым годзе, пасля надыходу фінансавага крызіса, сталіца апусцілася часова на трэцяе месца – больш на жыллё, харчаванне, транспарт, неабходныя паслугі выдаткоўвалі толькі жыхары Токіо і Осакі.

А вось у рэйтынгу якасці жыцця сярод сусветных мегаполісаў Масква апынулася на 171 месцы – па суседстве з зімбабвійскім Харарэ і нігерыйскім Лагасам.
У рэкордна дарагой сталіцы таксама рэкордныя і цэны на нерухомасць. Жыхар Масквы з сярэднім заробкам за сярэднюю 54-метровую кватэру павінен аддаць усё, што заробіць на працягу 20 год. Іпатэчны крэдыт тут дарагі і кватэра для звычайных сямей застаецца марай, якая ніколі не споўніцца. У Маскве, як піша Нямцоў, будавацца неверагодна дорага. Лужкоў любіць акружаць горад чарговымі аб’язднымі – кальцавымі дарогамі. А яны шмат каштуюць.
Кошт кіламетра МКАД сягаў 100 млн. долараў. Чарговае, трэцяе кальцо, падаражэла да 117 млн. Але гэта яшчэ было танна. Кіламетр здадзенага нядаўна кавалка чацьвёртага кальца каштаваў ужо 537 млн. долараў.
Тое, што палічыў Нямцоў, даражэй за кіламетр тунэлю пад Ла-Маншам альбо кіламетр звышсучаснага вялікага адроннага калайдэра, пабудаванага на мяжы Францыі і Швейцарыі. Былы віцэпрэм’ер даводзіць, што сярэдняя цана кіламетра дарогі ў Маскве вышэйшая ў 10 разоў, чым у ЗША ці Германіі. На яго погляд, так адбываецца таму, што Масква Лужкова з’яўляецца найбольш карумпаваным горадам у Расіі, якая, ў сваю чаргу, лічыцца адной з найбольш карумпаваных краін свету.
Як прыклад падае бізнэс жонкі мэра Лужкова Алены Батурынай. Калі ён стаў мэрам, яна была ўладальніцай невялікай фірмы, што займалася вытворчасцю пластыкавых вырабаў. Потым атрымала кантроль над будаўнічым рынкам сталіцы і, зарабіўшы каля 1 млрд. долараў, стала самай багатай жанчынай у Расіі.
Нямцоў у сваім рапарце налічвае 23 вялікія будоўлі (кожная – гэта сотні тысяч квадратных метраў жылля, офісаў альбо гатэляў), якімі Батурына кіруе ці кіравала ў Маскве. Яна, паводле яго, выйграе тэндэры на найлепшыя аб’екты, лёгка атрымоўвае вялікія крэдыты на будоўлі. Калі, ужо падчас крызіса, што моцна ўдарыў па рынку нерухомасці, Батурына займела вялікія праблемы, горад кінуў ёй паратунак, купляючы у яе праз пасярэднікаў за 13 млрд. рублёў (каля 400 млн. долараў) участак у 58 га. У кастрычніку ў Маскве пройдуць выбары ў гарадскую думу. Выбарчая кампанія гэта, як магло бы падацца, добры момант на тое, каб высветліць – чаму ўсё ў горадзе так дорага, чаму такая карупцыя. Нічога такога не адбываецца. Гарадская выбарчая камісія не дапусціла да выбараў аніводнай партый і ніводнага кандыдата, якія спрабавалі крытыкаваць мэра. Проста агулам дыскваліфікавала ўсе подпісы выбарцаў, падтрымліваючых іх кандыдатуры, абвяшчаючы іх фальшывымі. Паводле камісіі, верхам неакуратнасці вызначыўся Уладзімір Мілаў, адзін з лідэраў «Салідарнасці», які сфальшаваў нават свой уласны подпіс, каторым падтрымаў уласную кандыдатуру на дэпутацкую пасаду.

Вацлаў Радзівіновіч, Gazeta Wyborcza

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0