21—23 верасня ў Мінску працуе беспрэцэдэнтная місія міжнародных арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, пытаннямі свабоды выказвання і развіцця СМІ.
Як паведаміла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, місія сфармаваная пад эгідай Міжнароднай федэрацыі журналістаў.
У яе склад увайшлі восем экспертаў, якія прадстаўляюць Міжнародную федэрацыю журналістаў, Дацкі саюз журналістаў, Міжнародны цэнтр падтрымкі СМІ (IMS), ЮНЕСКА і інстытут «Адкрытае грамадства».
Мэта візіту міжнародных экспертаў — вывучэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі і ацэнка зменаў у гэтай галіне за апошні час.
У праграме візіту запланаваныя сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі шэрагу дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, офіса АБСЕ ў Мінску і дзвюх журналістках арганізацый: БАЖ і Беларускага саюза журналістаў. 22 верасня місію прыме намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч.
Паводле вынікаў візіту будзе зроблена заява і падрыхтаваны даклад аб сітуацыі ў галіне СМІ ў Беларусі.