Фэльетон Лёліка Ушкіна.

У Холмса быў Ватсан, у Эркюля Пуаро – Гастынгс, у Ніра Вульфа – Арчы Гудвін і толькі вялікі сышчык Сьцяпан Су...(дзеля кансьпірацыі назавём яго Кірыешка) застаўся без партнэра і летапісца сваіх подзьвігаў. Цяпер, калі справа «Партнэрства» дайшла да суду, так болей заставацца ня можа. Прапаную сваю сьціплую кандыдатуру.

…У той незабыўны лютаўскі вечар у нашай маленькай кватэры панаваў хаос. Бліскучы мозг Сьцяпана вырашаў загадку – колькі пацукоў спатрэбіцца грузінскім тэрарыстам раскласьці ў вёдрах і давесьці да стану атрутнай масы, каб хапіла вырубіць усіх мужчынаў са спэцыяльнасьцю муляра чацьвёртага разраду ў Фрунзэнскім раёне.

Пацукі не жадалі разлагацца і бегалі па пакоі, пажыраючы Сьцяпанавы граматы ды шматлікія партрэты Дзяржынскага.

Раптам на прыступках пачуліся нейкія крокі: гэта быў кліент.

Кліент аказаўся рослым мужыком прыблізна пяцідзесяці двух гадоў, з лысінай, якую ён акуратна зачэсваў, і шклянымі вачамі, у якіх быў адлюстраваны жах.

Ня проста жах, а супэр-гіпэр-жах!

– Я дыктатар адной усходнеэўрапейскай краіны, – пачаў госьць. – На насу выбары, перад якімі я зазвычай проста ўсіх запалохваю... Але вось днямі я па прыколе прачытаў Канстытуцыю і знайшоў гэта: «Падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываюцца адкрыта і галосна». А што калі гэта па прыколе прачытаюць і мае ворагі? Цяпер вы разумееце, Сьцяпане, чаму я крычу па начах? Чаму падчас апошняга рэфэрэндуму я не падкарэктваў гэты артыкул?! Чаму?..

– Спакойна, – Кірыешка заўсёды ведаў выйсьце. – Мы павінны хуценька ўнесьці папраўкі ў Крымінальны кодэкс аб забароне дзейнасьці ўсяго незарэгістраванага, і тады Вы лёгка перасадзіце ўсіх вашых апанэнтаў.

– Праўда? – Госьць паглядзеў на сышчыка з надзеяй.

Мы са Сьцяпанам паехалі ўносіць папраўкі. Аднак не пасьпелі мы разгарнуць кодэкс, як я адчуў на сваёй шыі холад рэвальвэра.

– Стаяць. А зараз павольна павярнуцца.

Перад намі былі тры хлопцы і дзяўчынка.

– Вітаньне ад National Democratic Institute, – сказаў адзін з хлопцаў і выстраліў сышчыку ў сэрца.

Але той нават не зварухнуўся.

Шакаваныя актывісты, пакідаўшы рэвальвэры і мабільнікі зь літоўскімі нумарамі, зьбеглі.

Я ня верыў вачам:

– Што здарылася, Кірыешка?

Ён пасьміхнуўся: – Яны забыліся, што ў мяне, як чэкіста, чыстыя рукі, халодная галава і гарачае сэрца: кулі ў ім проста плавяцца. Вось калі б яны пальнулі мне ў лёгкае або пахвіну...

Мы зрабілі сваю справу з папраўкамі.

Кліент быў проста шчасьлівы. У знак падзякі ён нават паабяцаў Кірыешку грамату, аднак той адмовіўся. Ён ніколі ня браў граматаў ад жанчын і выпускнікоў Магілёўскага пэдуну.

А ў нашай маленькай кватэры зноў настала нудота. Вялікі сышчык працягваў ставіць досьледы на пацуках і гуляў з маўзэрам Дзяржынскага, напаўняючы пакой чароўнымі гукамі «піф» і «паф».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0