Аднойчы ў алёшчынскую сталоўку, дзе абедалі рабочыя, басанож зайшло мурзатае, ускудлачанае дзіцё гадоў пяці ў бясформеннай вопратцы. Падаючы сталоўшчыцы заціснутыя ў кулачку сто беларускіх рублёў (ледзь дацягнулася да акенца), тоненькім галаском, які выдаў у ёй дзяўчынку, папрасіла:

– Мама сказала, што вы мяне пакорміце...

Сталоўшчыца спачатку разгубілася: «Што ж я табе, дзетачка, на сто рублёў дам...» Рабочыя загулі: «Ты ўжо нам не далівай, але ёй пакладзі поўную міску!»

Сьлёзы навярнуліся на вочы пазьней – калі дзяўчо, ледзь уладкаваўшыся за вольным столікам, пачало нават ня сёрбаць – прагна хлябтаць той гарачэнны суп, на які дзьмухалі й здаровыя мужыкі.

Недагледжаныя, галодныя дзеці зь сем’яў алькаголікаў – не навіна ані ў Сітне, ані ў Віцебску, ані ў сталічным Менску. Але тут мяне ўразіла напавал тое, адкуль гэтых дзяцей так шмат. Бацькі, імкнучыся атрымаць «сацыялку», наўмысна плодзяць па трое–чацвёра дзіцянят, маюць тыя ж праславутыя 250 даляраў дый прапіваюць. Натуральна, дзеці з тых грошай ня бачаць ані цацкі, ані цукерчыны. А тым часам бацькі з забясьпечаных сем’яў скардзяцца, што ад гэтых «алькашовых выпладкаў» у школе вечна бруд і вошы.

Усіх хітраспляценьняў сіценскае сямейнасьці ня здолее апісаць ніякая генэалёгія. Калі мне, удакладняючы сьпісы выбаршчыкаў, давялося высьвятляць ва ўчастковае камісіі прычыну адсутнасьці ў тых сьпісах некалькіх рабочых леспрамгасу й іхніх сваякоў, працэдуру штохвіліны суправаджалі выбухі рогату. «Такі й такі – муж гэткай? Га-га-га! Ды ў яе такіх мужоў па ўсім Сітне... А той – сын гэтага? Гы-гы-гы, ведаем мы, хто ягоны бацька!.. Гэты – сужыцель, тая – сужыцелька, у яе сваё прозьвішча, той увогуле байструк...» Афіцыйна зарэгістраваных мужоў і жонак на кожнай вуліцы Сітна можна пералічыць па пальцах. Вядома, ідзецца пра тых, хто «расьпісаўся» у мясцовым клюбе, які выконвае функцыю загсу; пра належнае вянчаньне й царкоўны шлюб няма й гаворкі.

Паўвёскі плаціць алімэнты або «ўтрымлівае» кагосьці...

Глыбіню тутэйшае распусты можна ўявіць, жывучы ў адным інтэрнаце з «хімікамі» й рабочымі зь іншых вёсак. Некалькі кабетаў няпэўнага ўзросту штовечары «пасьвяцца» ля рабочых, а адны й тыя ж дзяўчаты 14–20 гадоў «абслугоўваюць» за шклянку «максімкі» й міску супу суседзяў-«хімікаў», якія мяняюцца ці не штотыднёва. Начныя разборкі за сьценкай, калі малалетнія шлюхі нападпітку высьвятляюць, чаму гэта не ў сваю чаргу тут учора начавала Сьветка, а не якая там Алеська і хто каго «кахае», наколькі мярзотныя, настолькі й звычайныя.

Падлічыць, колькі ў Малым Сітне робіцца абортаў, як вы разумееце, практычна немагчыма. Многія з тых жанчынаў, якія садзяцца на рэйсавы аўтобус або выпраўляюцца ў Полацак па прадукты, дарогаю зойдуць у клініку. Агулам кажучы, амаль у кожным беларускім сельсавеце за апошнія 12 гадоў ціхай сапай адбыўся свой Беслан з сотнямі дзетак-ахвяраў.

Ёсьць у Сітне й дзіцячы садок, малых каля трыццаці. Ды толькі бацькі пастаянна наракаюць то на кепскае харчаваньне, то на сэрыялы, якія нянькі днямі глядзяць разам зь дзецьмі (а потым якое-небудзь чатырохгадовае дзіцё лезе да мамы цалавацца ўзасос і тлумачыць, што так Хуаніта з Рамірэсам па тэлевізары робяць).

Безумоўна, ёсьць тут і добрапрыстойныя, забясьпечаныя сем’і – але звычайна з адным, максымум дваімі дзецьмі. І гэтыя дзеці, ледзь толькі асвоіўшы машынкі ды лялькі, ужо рыхтуюцца вырасьці, вывучыцца й зьехаць адсюль куды далей.

Якім чынам уратаваць дзяцей Малога Сітна ў Новай Беларусі?

«Дзіцячыя» сацыяльныя выплаты, гарантаваныя нацыянальным бюджэтам, мусіць кантраляваць мясцовая ўлада, а не райвыканкам. Толькі тады, пад штодзённым наглядам, пагроза страты бацькоўскіх правоў прымусіць тых гора-бацькоў траціць грошы на дзяцей.

Моцная сям’я зь вянчаньнем у царкве і афіцыйнай рэгістрацыяй павінна стаць найпершым стандартам сацыяльнай рэклямы. У сужыцельстве? Разьведзеная? Нежанаты? Плаці падатак!

Ліцэнзіі тэлеканалаў, асабліва кабэльных, што бамбардуюць падлеткавую аўдыторыю прапагандай распусты, трэба перадаць сямейным, панавальным, адукацыйным і хрысьціянскім мэдыям.

«Ператварыць сваё мястэчка, сваю вёску ўласнымі рукамі ў квітнеючы цуд!» – скразная ідэя новае дзяржаўнае сярэдняе адукацыі. Плюс – нядзельныя школкі пры цэрквах, касьцёлах і дамох малітвы. Нацыянальны ўнівэрсытэт, ліцэі й гімназіі па-беларуску.

Аборты... Паводле статыстыкі, сёньня іх у Беларусі больш, чым нараджэньняў. Забойства ненароджаных дзяцей мусіць быць забаронена. Нядаўна чытаў, што ў польскіх кляштарах пачалі адчыняць «вокны жыцьця», куды можна таемна перадаць немаўля. Гадаваньнем і выхаваньнем кінутых дзяцей мусіць займацца не дзяржава, а царква з дапамогай бюджэтных субсыдыяў.

...Толькі тады, калі беларускія дзеці пачнуць марыць, як вырастуць, стаць не бандытамі або мільянэрамі, а дактарамі ды сьвятарамі, – зробіцца ясна, што краіна ахопленая нацыянальным абуджэньнем.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?