Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр 22 верасня адкрывае 25‑ы сезон. На сцэне малой залы Палаца Рэспублікі пройдзе паказ камедыі «Тарцюф» паводле п’есы Мальера.

Як паведаміла кіраўнік літаратурна‑драматычнай часткі тэатра Ксенія Князева, аўтары пастаноўкі раскрываюць вядомы сюжэт камедыі ў сучаснай форме. Рэжысёр спектакля — Мадэст Абрамаў, мастак‑пастаноўшчык — Аляксандр Касцючэнка.

Таксама, паводле яе слоў, у гэтым месяцы тэатр прадставіць публіцы іншыя камедыі: 28 верасня — спектакль «Кар’ера Чалясціна» Альда Нікалаі, 29 верасня«Каханне ўтраіх» (А.Курбскі, М.Берк’е‑Марынье).

Паказы пройдуць на сцэне сталічнага клуба імя Дзяржынскага.

У пачатку лістапада тэатр рыхтуе прэм’еру — пастаноўку паводле драмы Рустама Ібрагімбекава «Дотык» у рэжысуры Абрамава і сцэнаграфічным афармленні Касцючэнкі. Спектакль прымеркаваны да 65‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў. У пастаноўцы занятыя як вядомыя публіцы, так і маладыя акцёры: Васіль Сушыцкі, Канстанцін Міхаленка, Святлана Гусарава, Анастасія Салаўёва, Дзяніс Майсейчык, Сяргей Ждан, Дзмітрый Бойка.

З красавіка гэтага года будынак Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра закрыты на рэканструкцыю. У будынку плануецца пашырыць сцэну і калясцэнічную прастору, замяніць абсталяванне, зрабіць прыбудовы, якія істотна павялічаць карысную плошчу. Тэатр працягвае сваю работу на тэатральных пляцоўках Мінска і іншых гарадоў краіны.

Тацяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0