Дзяржаўтаінспекцыя МУС Беларусі сумесна з дэпартаментам «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый маюць намер зрабіць захады да зніжэння колькасці дарожна‑транспартных здарэнняў з наездам на дзікіх жывёл у цёмны час сутак.

Пры гэтым будзе выкарыстаны досвед скандынаўскіх краін.

Як паведаміў на прэс‑канферэнцыі 21 верасня начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Юрый Траян,

на вядомых участках дарог праз пэўную адлегласць плануецца ўстанавіць слупкі, абсталяваныя спецыяльнымі адбівальнікамі, якія паварочваюць святло фар аўтамабіляў на 90 градусаў: ад дарогі — у лес. Гэтыя прыстасаванні называюцца «воўчымі вачыма».

Дзікія жывёлы, якія спрабуюць выйсці з лесу на святло, бачаць, як сцвярджаюць спецыялісты, воўчыя вочы, што павінна іх адпужваць ад аўтатрас.

Паводле інфармацыі Юрыя Траяна, у 2007 годзе ў выніку ДТЗ з наездам на дзікіх жывёл у Беларусі тры чалавекі загінулі і 38 атрымалі траўмы. У 2008 годзе гэтыя паказчыкі былі шэсць і 44 адпаведна.

Расказваючы аб іншых ноу‑хау, закліканых павысіць бяспеку дарожнага руху, прадстаўнік ДАІ ў першую чаргу звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ў апошнія гады аўтадарогі пракладваюцца ў абыход населеных пунктаў з абсталяваннем пешаходных пераходаў на розных узроўнях. Гэта адносіцца да такіх дарог, як Мінск — Маладзечна, Мінск — Мядзель, Мінск — Магілёў, Мінск — Гомель.

Навінка 2009 года — абсталяванне інфарматыўных пешаходных пераходаў, астраўкоў бяспекі на шэрагу вуліц і праспектаў у Мінску: Ванеева, Клары Цэткін, Ташкенцкай, Арлоўскай, Машэрава. А таксама абсталяванне пешаходнага пераходу на 54‑м кіламетры аўтадарогі Мінск — Гомель, які бачны вадзіцелям практычна за 1.000 метраў. Яшчэ восем такіх аб’ектаў будзе пабудавана да канца верасня. Для падсветкі пераходаў выкарыстоўваюцца ў тым ліку сонечныя батарэі, у перспектыве — выкарыстанне электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ветранымі генератарамі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0