«Аляксандр Лукашэнка павіншаваў мэра Масквы Юрыя Лужкова з днём народзінаў»,— паведаміла
інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы. Мы ўжо звыклі да таго, што кіраўнік нашай дзяржавы віншуе з народзінамі расійскіх прэм’ер-міністра, міністра замежных справаў, цяпер вось — мужа Алены Батурынай з 73-годдзем. Вось ужо сапраўды:
прасцей выгнаць Лукашэнку з Масквы, чым Маскву з Лукашэнкі.Хто хоць раз чуў пра аналагічныя рэверансы Дзмітрыя Мядзведзева ў бок спадароў Сідорскага, Мартынава і в.а. кіраўніка Мінгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі?
Як прыватная асоба ці проста як палітык, Аляксандр Лукашэнка, вядома, мае права віншаваць хоць чорта лысага. Але не як прэзідэнт.Якая да гэтага справа прэс-службе кіраўніка дзяржавы? І тым больш дзяржаўнай інфармагенцыі? Як незалежныя журналісты хочуць дазнацца, што за бландзінка была з Лукашэнкам на лыжным курорце ў Сербіі, дык прэс-служба спасылаецца на таямніцу прыватнага жыцця. Чаму тут не бароняць?
Ці такія віншаванні і звон аб іх на ўвесь свет важныя для дэманстрацыі лаяльнасці, за якую па старой памяці спадзяюцца купіць інвестыцыі ў новыя «Дамы Масквы», «Мінск-сіці» і г.д., у якіх цесна пераплеценыя выключна прыватныя інтарэсы самых высокіх асобаў як з Мінска, так і з Масквы.
«Ты нібы учора прачнуўся», — скажаце вы мне. Але дзіўна, што многія недапушчальныя пры нармальным функцыянаванні дзяржавы рэчы ўспрымаюцца як норма. Так падрываецца прэстыж краіны.