Алена Шарэпа-Лапіцкая, фота Юліі Дарашкевіч.

Алена Шарэпа-Лапіцкая, фота Юліі Дарашкевіч.

11 верасня праваслаўныя памінаюць Дзень адсячэння галавы Івана Прадцечы. У праваслаўнай традыцыі на дзень «Івана Галавасека» памінаюць бязвінна забітых. Акурат у гэты дзень 92‑гадовая Алена Шарэпа‑Лапіцкая ездзіла на месца расстрэлу свайго брата Расціслава.

Яны з братам нарадзіліся ў вёсцы Касута на Вілейшчыне, у сям’і праваслаўнага святара. Каля самай царквы — захавалася — стаяў дом Лапіцкіх. На яго месцы цяпер «каланісты» — так Лапіцкая называе дачнікаў. Засталіся грушка і ясень, якія яна саджала..

Каля касутоўскай царквы паставілі помнік знакамітаму ўкраінскаму гетману Піліпу Орліку, таксама ўраджэнцу Касуты. Некалі тут паўстане і памятка па Лапіцкім.

Пасля Касуты Лапіцкая паехала да вілейскай турмы (цяпер анкалагічны шпіталь), дзе ў 1950 г. сядзеў Расціслаў.

З Вілейкі скіраваліся ў Красны Беражок. На знікненне памятных крыжоў спадарыня Алена рэагуе з болем, на месца кожнага кладзе белыя хрызантэмы.

У машыне 92‑гадовая жанчына разважае: «Думаю, улада памагае крыжы нішчыць, бо Лукашэнка — камуніст!.. Быў нейкі прафесар Мілінкевіч, дык той яго пасадзіў — баіцца. Я сябе адчуваю не як грамадзянка ў свабоднай дзяржаве, а як у акупаванай. Пры Польшчы так не душылі беларушчыну, як цяпер».

Вандроўку скончылі ў Вілейцы. Мясцовыя актывісты нацыянальнага руху частавалі гарбатай, а спадарыня Алена захапіла для ўсіх шчодрую долю вінаграду. Пра сам офіс вілейскай нацыянальнай грамады яна сказала: «Гэта дом‑крэпасць беларушчыны. А мэбля не багацейшая, чым у маім доме».

Алена Лапіцкая хоча навесну высадзіць валошкі на месцы расстрэлу Расціслава. А на суседняй хвоі зладзіць гняздо для буслоў.

Паліна Купрысь

Глядзі таксама:
За ўсталяванне крыжоў - пад суд

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0