Жыхарам Міншчыны, якія пацярпелі ад пажару некалькі год таму, не даюць новага жытла замест знесеных кватэр.

У сакавіку 2005 года ў шматкватэрным доме ў вёсцы Траскоўшчына Мінскага раёна адбыўся пажар. У выніку здарэння агнём былі знішчаныя сем кватэр і маёмасць жыхароў. Крымінальная справа не была заведзеная, бо прычынай стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі падчас усталявання коміну печы. Вінаватым прызнаны выканаўца абавязкаў кіраўніка ЖКУ №11 КУП «ЖКГ Мінскага раёна», які з’яўляўся адказным за супрацьпажарны стан дома.

Пасля абследавання дом быў прызнаны непрыдатным да пражывання. У выніку яго знеслі.

Разам з тым да цяперашняга часу на працягу амаль пяці гадоў, ні Гаранскі сельскі выканаўчы камітэт, ні Мінскі райвыканкам не забяспечыў пацярпелых ад пажару грамадзянаў новым жыллём. Пяць сем’яў змушаныя туляцца па суседзях і знаёмых.

Як паведамляе прэс‑служба Генпракуратуры, пракурор Мінскай вобласці звярнуўся ў Мінрайвыканкам з патрабаваннем прыняць меры і забяспечыць жылымі памяшканнямі сем’і, а таксама прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, якія дапусцілі такія грубыя парушэнні.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0