Той самы конь, фота ў профіль.
У час, калі трэба збіраць ураджай, конь становіцца незаменным памочнікам у працы. Няма свайго — можна за пляшку гарэлкі (ці харошага пладова‑ягаднага віна) або невялікую суму пазычыць у іншых.
А што рабіць, калі ні грошай няма і гарэлку шкада чужому аддаваць?
44‑гадовы Я. адважыўся пазычыць каня сам (г.зн. без дазволу гаспадара). 17 верасня — акурат на ўгодкі г.зв. уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусяў — ён звёў жывёлу, што пасвілася на пожні ля хаты пенсіянеркі.
Злодзей таксама схадзіў у хлеў, адкуль «пазычыў» і збрую.
«Жанчына — старая, не пачуе», — нахабна, але абсалютна дарэмна думаў хцівы зламыснік.
Пенсіянерка агледзелася на наступны дзень ды звярнулася ў міліцыю. Праз некалькі дзён вінаватага ў крадзяжы знайшлі. Каня вярнулі гаспадыні, а рабаўнік сядзе на лаву падсудных.