Імунізацыя супраць грыпу на платнай аснове (за кошт уласных сродкаў грамадзян, а таксама сродкаў прадпрыемстваў) пачалася ў Мінску. Пра гэта паведамілі ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Абараніцца платна ад інфекцыі можна ў кожнай гарадской паліклініцы, а таксама ў некаторых іншых установах аховы здароўя горада. Платныя прышчэпкі могуць зрабіць як беларусы, так і іншаземцы. Урач да правядзення прышчэпкі агледзіць і апытае пацыента, пасля чаго зробіць заключэнне аб магчымасці правядзення прышчэпкі. Наяўнасць розных назваў вакцын, іх кошт неабходна ўдакладняць у кожным выпадку індывідуальна. Медыкі выкарыстоўваюць вакцыну «Інфлювак» (краіна‑вытворца Бельгія). У бліжэйшы час для імунізацыі на платнай аснове чакаецца паступленне вакцын «Ваксігрып» (Францыя) у аднадозавай расфасоўцы і «Грыпол плюс» (Расія).

З сярэдзіны кастрычніка ў горадзе пачнецца вакцынацыя супраць грыпу школьнікаў, дзяцей дашкольных устаноў, а таксама работнікаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць горада

(гэта работнікі водазабеспячэння, энергазабеспячэння, транспарту і г.д.): плануецца прышчапіць больш як 80 тыс. чалавек. Для гэтага за кошт сродкаў мясцовага бюджэту закуплены вакцыны «Ваксігрып» і «Флюарыкс» (Германія).

У кастрычніку паступяць грыпозныя вакцыны, прызначаныя для імунізацыі людзей з груп рызыкі. Да іх адносяцца людзі, якія маюць розныя хранічныя захворванні сардэчна‑сасудзістай, дыхальнай і іншых сістэм, людзі старэйшыя за 65 гадоў, а таксама медработнікі, работнікі аптэк і інш. Для іх за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту закуплена 40 тыс. доз жывой грыпознай вакцыны (краіна‑вытворца Расія) і 3 тыс. доз вакцыны «Флюарыкс».

Як у нашай краіне, так і за мяжой існуе працяглы практычны вопыт прымянення гэтых грыпозных вакцын. Яны зарэкамендавалі сябе як высокаэфектыўныя і бяспечныя прэпараты, падкрэслілі ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Тут таксама дадалі, што ў сталіцы ёсць выбар розных відаў вакцын, гэта дае магчымасць урачам індывідуальна парэкамендаваць той прэпарат, які дазволіць прышчэпленым (у залежнасці ад стану здароўя, наяўнасці або адсутнасці хранічных захворванняў і іншых фактараў) бяспечна сфарміраваць найбольш эфектыўную ахову ад захворвання на грып.

Аксана Шыкуць, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0