22.09.2009 / 17:32

Палёгка для дробнага бізнесу 1

Падрыхтаваны шэсць нарматыўна‑прававых актаў, якія спрашчаюць дзейнасць суб'ектаў малога бізнесу.

Падрыхтаваны шэсць нарматыўна‑прававых актаў, якія спрашчаюць дзейнасць суб'ектаў малога бізнесу. Частка з іх знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта, частка — ва ўрадзе.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 22 верасня ў Мінску паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Аляксандр Тапілін.

«Гэтыя ўказы таксама вырашаць праблемы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, якія тычацца мытнага афармлення і падатковай нагрузкі, што ў канчатковым выніку будзе ўплываць на кошт, — адзначыў Тапілін. — Але ў цэлым яны будуць закранаць дзейнасць суб`ектаў малога бізнесу».

Паводле слоў спецыяліста, адзін з дакументаў будзе звязаны са зменай умоў падаткаабкладання з мэтай паніжэння падатковай нагрузкі на прадпрыемствы, у тым ліку ПУПы, якія будуць пастаўляць прадукцыю на экспарт.

«Магчыма, будзе паніжана стаўка падатку ўдвая, можа быць выключаны з базы падаткаабкладання аб`ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт», — адзначыў Тапілін. Паводле яго слоў, пакуль гэта праект, і ў якім выглядзе ён будзе прыняты, ён не ведае.

Ён таксама адзначыў, што ўсе прапановы, якія ўнеслі прадстаўнікі бізнесу, у праектах дакументаў улічаны.

Тапілін нагадаў, што ў адпаведнасці з распараджэннем прэм'ер‑міністра створана рабочая група для аператыўнага аналізу сітуацыі, выпрацоўкі мер і аказання суб'ектам малога прадпрымальніцтва падтрымкі па рэалізацыі беларускіх тавараў на ўнутраным і знешнім рынках. Пасяджэнні гэтай групы праходзяць кожны тыдзень, і пра вынікі паведамляецца прэм`ер‑міністру. «Група створана для арганізацыйнай і нарматворчай працы для зняцця перашкод у дзейнасці суб`ектаў малога прадпрымальніцтва пры набыцці і рэалізацыі беларускіх тавараў», — адзначыў Тапілін.

Як раней паведамлялася, 21 верасня ў Мінску на канферэнцыі прадпрымальнікаў «За права прадпрымаць!», арганізаванай рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Перспектыва», удзельнікі форуму заклікалі прэзідэнта Беларусі правесці найбліжэйшым часам першы агульнанацыянальны з'езд прадпрымальнікаў для абмеркавання праблем малога бізнесу.

Як заявіў кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, правядзенне такога з'езда неабходна, каб прэзідэнт змог пагаварыць з прадпрымальнікамі «без пасрэднікаў, шчыра і адкрыта».

«Мы чакаем ад прэзідэнта падтрымкі ў вырашэнні нашых праблем і хочам адказаць тым жа», — падкрэсліў Шумчанка.

Марына Носава, БелаПАН

0
Анатоль / Адказаць
23.09.2009 / 11:58
У нашай джяржаве прыцып \"Калi недзе адпусцiлi - то недзе трэба пацiснуць больш\" прымяняецца заўсёды. Адсюль - калi палёгка пры продажы \"беларускiх\" тавараў за мяжу - то значыцца ў самой краiне яны падаражаюць шчэ больш + чую зноў будуць iмпарт цiснуць :(
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру