Такое рашэнне прынята 23 верасня на сесіі дэпутатаў Мінгарсавета.

Як паведаміў на сесіі начальнік фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Аляксандр Кернажыцкі, скарачэнні закрануць:

сацыяльную сферу (на 84 млрд руб.), жыллёва‑камунальную гаспадарку (на 79,8 млрд руб.), транспарт (на 25,5 млрд руб.), сельскую гаспадарку (202,6 млрд руб.), іншыя галіны (на 90,1 млрд руб.).

У сувязі з тым, што рост зарплат у бюджэтнай сферы замарожаны, зніжаныя асігнаванні, якія прызначаліся на павышэнне заробкаў (на 65,3 млрд). Выдаткі на набыццё абсталявання і капітальны рамонт скарочаныя на 21,4 млрд руб.

Скарачаюцца асігнаванні КУП «Мінсктранс», на функцыянаванне органаў мясцовага самакіравання і іншыя расходы. Як растлумачыў Кернажыцкі, скарачэнні фінансавання сацыяльнай сферы нязначныя, эканомія ў асноўным закране закупкі тавараў і паслуг па імпарце.

Скарачэнне бюджэту звязана з недаатрыманнем у гэтым годзе прыбыткаў.

«У сённяшніх эканамічных умовах мінімальныя недапаступленні па падатку на прыбытак чакаюцца ў суме 200 млрд. рублёў, па падаходным падатку — 203,8 млрд. рублёў, ПДК — 100 млрд. рублёў. Гадавы план па даходах паменшаны на суму 471,8 млрд. рублёў», — сказаў Кернажыцкі.

У цэлым даходная частка чакаецца ў суме 4,9 трлн. рублёў, на 15% ніжэй за першапачаткова зацверджаны план. Выкананне па расходах у 2009 годзе чакаецца ў суме 5,6 трлн. рублёў, або на 7,5% ніжэй за першапачатковы план.

Як нагадаў дэпутатам старшыня Мінгарсавета Міхаіл Матусевіч, «раней мы ўжо скарацілі расходную частку на 300 млрд. рублёў» (на сесіі 17 чэрвеня 2009 года). «Практыка скарачэння расходаў з’явілася толькі сёлета, раней дэпутаты размяркоўвалі дадаткова атрыманыя даходы», — адзначыў кіраўнік гарсавета.

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0