Дзве мемарыяльныя дошкі на валунах у гонар дружбы паэтаў Эдварда Жалігоўскага і Тараса Шаўчэнкі адкрылі 20 верасня ў вёсцы Карэкаўцы вілейскія краязнаўцы і прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.

На адной дошцы напісана: «У гонар сяброў‑паэтаў Эдварда Жалігоўскага і Тараса Шаўчэнкі, прадстаўнікоў братніх беларускага і ўкраінскага народаў, у 2009 годзе адкрыты памятны знак, пасаджаны дубовы гай». На валуне, што побач, — дошка з партрэтамі Шаўчэнкі і Жалігоўскага. Пад партрэтамі — вершы‑чатырохрадкоўі, якія паэты прысвяцілі адзін аднаму.

У адкрыцці мемарыялу ўзялі ўдзел прадстаўнікі раённай і сельскай уладаў, краязнаўцы, пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы з жонкай, члены ўкраінскай дыяспары ў Беларусі, мясцовыя жыхары. Мемарыял асвяціў настаяцель Рэчкаўскай царквы айцец Валянцін.

Адкрыццё памятнага знака прайшло ў рамках дня вёскі Карэкаўцы, які святкуецца штогод у верасні. Адбыўся канцэрт. Перад гасцямі выступалі ўдзельнікі творчага калектыву Дома культуры з Людвінова.

Дзве мемарыяльныя дошкі, адкрытыя ў Карэкаўцах 20 верасня, сталі часткай вялікага памятнага комплексу. Раней у вёсцы быў адкрыты знак паэту‑дэмакрату Эдварду Жалігоўскаму, які нарадзіўся ў 1815 годзе ў фальварку Карэкаўцы. Пасля — мемарыяльная дошка на валуне, на якой засведчана, што Карэкаўцы (Карэйкі) ўпершыню згадваюцца ў 1407 годзе ў грамаце вялікага князя Вітаўта.

У красавіку тут пасадзілі алею з 600 кустоў і дрэў у гонар сяброў‑паэтаў. Сёлета адзначаецца 195 гадоў з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, у наступным годзе споўніцца 195 гадоў з дня нараджэння Эдварда Жалігоўскага.

Ёсць ля вёскі таксама каплічка, якую пабудаваў стараста Пётр Саковіч. На ёй — дзве дошкі ў памяць жыхароў Карэкаўцаў і Лявонавічаў, якія ваявалі і загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Увогуле, Пётр Саковіч шмат робіць для сваёй вёскі. Дапамагаў ён таксама і ўсталёўваць памятны знак паэтам. Сярод іншых элементаў добраўпарадкавання Карэкаўцаў — альтанка, калодзеж і сажалка.

Сяргей Зянько, Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0