Акцыя «Дзень без аўто» абяцала беларускім кіроўцам падвышаную ўвагу з боку ДАІ. Карэспандэнты «НН» вырашылі праверыць, ці зробіць гэта сталічных кіроўцаў больш дысцыплінаванымі.

Дзеля эксперыменту быў абраны трамвайны прыпыначны пункт «Плошча Змітрака Бядулі». На відэакамеру было зафіксаванае прыбыццё дзесяці трамваяў. Як гэта ні сумна, ва ўсіх дзесяці выпадках кіроўцы аўто парушылі правілы дарожнага руху.

Што кажуць Правілы дарожнага руху?

У момант, калі трамвай наблізіўся да прыпыначнага пункту і на ім уключылася аварыйная светлавая сігналізацыя або светлавы ўказальнік правага павароту, аўтамабілі, якія рухаюцца з трамваем у спадарожным накірунку, мусяць спыніцца ў месцы, вызначаным адмысловай дарожнай разметкай. Гэта ў ідэале, калі кіроўца адсочвае развіццё дарожнай сітуацыі і загадзя зніжае хуткасць. У жыцці аўто вельмі часта спыняюцца і поруч з трамваем, ускладняючы пры гэтым пасадку і высадку пасажыраў. Кранацца з месца аўтамабілі могуць толькі пасля таго, як на трамваі пагасне аварыйная светлавая сігналізацыя. Ні зачыненыя дзверы, ні тое, што трамвай сам скрануўся з месца, сігналам для пачатку руху не з’яўляюцца. (Раздзел 14. Пешаходныя пераходы і прыпыначныя пункты маршрутных транспартных сродкаў, пункт 120). У нашым выпадку часцей за ўсё кіроўцы ігнаравалі сігналы трамвая – яны працягвалі рух пасля ўключэння сігналізацыі і краналіся, не чакаючы яе выключэння.

Сярод парушальнікаў, прычым адначасова, былі заўважаныя аўто «Хуткай медычнай дапамогі», аўто інкасацыі і дарожна-рамонтнай службы.
Было б не справядліва не адзначыць і культуру паводзінаў на дарозе некаторых пасажыраў. Цягам здымак кароткага сюжэту былі заўважаныя некалькі чалавек, якія перасякалі вуліцу чатырохпалосную, падзеленую трамвайнымі шляхамі ў два бакі вуліцу з надзвычай інтэнсіўным рухам. Адзін з патэнцыйных пасажыраў трамваю, відавочна нецвярозы, выйшаў насустрач трамваю, не чакаючы ягонага спынення.

Грошы не галоўнае

Што чакае кіроўцу, які не выканаў патрабаванні ПДР? Дадзенае парушэнне кваліфікуецца, як невыкананне асобай, што кіруе транспартным сродкам, патрабаванняў дарожных знакаў або разметкі, а таксама непрадстаўленне перавагі ў руху маршрутнаму транспартнаму сродку, пешаходам, іншым удзельніка дарожнага руху.

Паводле арт. 18.14 КаАП за здзяйсненне падобнага парушэння кіроўцу пагражае папярэджанне або штраф у памеры ад 1 да 5 базавых велічынь (35000-175000 руб.)
. Але, зразумела, грошы — зусім не галоўнае. Варта памятаць, што ігнараванне якіх бы то не было правілаў дарожнага руху нясе небяспеку здароўю, а то і жыццю як пешаходаў, так і кіроўцаў аўто.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?