Уводзіць у Беларусі сістэму суда прысяжных у найбліжэйшы час не плануецца. Пра гэта паведаміў журналістам 24 верасня ў Мінску намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.
«Мы ніколі не займаемся рэформамі дзеля рэформ», — заявіў ён. Закранаючы ў цэлым рэфармаванне судовай сістэмы ў Беларусі, намеснік старшыні Вярхоўнага суда зазначыў, што яна ідзе пастаянна. Напрыклад, у 2001 годзе ўступілі ў дзеянне новы Крымінальны і новы Крымінальна‑працэсуальны кодэксы, у 2007‑м — Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна‑выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. А нядаўна ўступіў у сілу Кодэкс аб судовым ладзе і статусе суддзяў.