Міністэрства гандлю Беларусі склала сьпіс харчовых ды прамысловых тавараў, паводле якога плянуюцца абмежаваньні па імпартных таварах за кошт пашырэньня вытворчасьці айчынных аналягаў. Чыноўнікі ведамства папярэджваюць, што перадусім будзе скарочаны ўвоз з-за мяжы абутку, бытавых электратавараў, дываноў, посуду, вырабаў з плястмасы.

У Міністэрстве гандлю спасылаюцца на загад кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага падрыхтаваць сьпіс «немэтазгоднага імпарту». Паводле патрабаваньняў, трэба было вызначыць, чым і ў якой колькасьці замяніць замежныя тавары. Апошнім, як удакладняе начальнік управы Мінгандлю Ніна Пашко, дарогу ў Беларусь закрыюць высокія зборы на мытні:

(Пашко: ) «Для падтрымкі айчынных вытворцаў цяпер мы сапраўды накіравалі вялікі пакет прапановаў па асваеньні імпартазамяшчальных тавараў. Каб тое, што завозіцца з-за межаў краіны ці раней у нас не выраблялася, нашая прамысловасьць забясьпечвала. Там вялікі сьпіс. Там вельмі вялікі сьпіс».

Са словаў Ніны Пашко, калі замежныя тавары зрабіць дарагімі, то насельніцтва стане купляць беларускае. У якасьці прыкладу такой пэрспэктывы суразмоўца назвала прадукцыю менскага заводу «Тэрмапляст». Удакладняе сытуацыю намесьнік дырэктара Валеры Бакуменка:

(Бакуменка: ) «Вельмі правільна! Трэба свой рынак абараняць. Спачатку – хлеб, каўбаса, а пасьля – вёдры, нейкія скрынкі і гэтак далей. Вельмі правільна».

Спадзяваньні, што будзе лягчэй змагацца ў канкурэнцыі з замежнымі электрапрасамі, сокавыціскалкамі ды мясарубкамі, выказвае і супрацоўніца адміністрацыі Менскага прыборабудаўнічага заводу Ніна Верамейчык:

(Верамейчык: ) «Я ўжо не памятаю, калі мы нармальную прагрэсіўку атрымлівалі. Інжынэрна-тэхнічных работнікаў зараз шмат у адпачынкі адпраўляюць. У Менску, напэўна, толькі добра зарабляюць на трактарным, аўтазаводзе ды заводзе па вырабу лядоўняў. А астатнія прадпрыемствы ўсе ў аднолькавых умовах...»

Пракамэнтаваць намеры беларускага ўраду пакінуць пакупнікоў бяз выбару тавараў пагадзіўся Генадзь Быкаў. Былы лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларусі зараз узначальвае пярвічную арганізацыю на заводзе аўтаматычных лініяў у сталіцы.

(Быкаў: ) «З наступнага году «дурныя» грошы, якія паступаюць у Беларусь, будуць вельмі і вельмі меншыя. А затраты на энэргарэсурсы стануць нашмат большыя. Таму ўрад імкнецца стварыць перашкоды, каб грошы не выходзілі за межы Беларусі. Каб куплялі толькі беларускае».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0