Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі плануе наведаць Казахстан у канцы кастрычніка — пачатку лістапада гэтага года.

Пра гэта ён паведаміў сёння на сустрэчы з намеснікам прэм’ер‑міністра Казахстана Серыкам Ахметавым.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што ў ходзе нядаўняга візіту прэм’ер‑міністра Казахстана ў Беларусь бакі дамовіліся аб тым, што Беларусь «арганічна ўпішацца ў палітычны курс па глыбокай індустрыялізацыі эканомікі Казахстана». Беларускі бок прапанаваў свае магчымасці па ўдзелу ў развіцці казахстанскай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. «Цяпер нашы спецыялісты, члены ўрада актыўна працуюць над стварэннем карты індустрыялізацыі Казахстана», — сказаў Сяргей Сідорскі. У бліжэйшы час дакумент будзе завершаны. Беларускі бок прадставіў Казахстану свае прапановы, якія прадугледжваюць стварэнне сумесных вытворчасцей у розных галінах эканомікі, у тым ліку ў сельгасмашынабудаванні, цяжкім машынабудаванні, стварэнні завода халадзільнікаў і іншых. Усё гэта арганічна ўпісваецца ў развіццё індустрыялізацыі Казахстана. Пасля падрыхтоўкі дакумента прэм’ер‑міністр Беларусі плануе наведаць з рабочым візітам Казахстан. «Візіт адбудзецца ў бліжэйшы час, думаю, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада», — сказаў прэм’ер.

Ён адзначыў, што прапрацоўваецца візіт Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь.

«Мы зробім усё магчымае, каб напоўніць сур’ёзным зместам далейшае супрацоўніцтва», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Казахстан займае трэцяе месца ў аб’ёме знешняга гандлю Беларусі з краінамі СНД пасля Расіі і Украіны.

У 2008 годзе двухбаковы тавараабарот склаў $537 млн. і павялічыўся ў параўнанні з 2007 годам на 4,7 працэнта. У тым ліку экспарт беларускіх тавараў у Казахстан дасягнуў $365,2 млн. (рост на 1,1 працэнта), імпарт — $171,8 млн. (рост на 13,2 працэнта). Сальда склалася дадатнае ў памеры $193,4 млн.

У студзені‑ліпені 2009 года беларуска‑казахстанскі тавараабарот склаў $222 млн. і зменшыўся на 34 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Экспарт знізіўся на 18,9 працэнта да $168,7 млн., імпарт — на 61,8 працэнта да $43,4 млн.

Аснову беларускага экспарту ў Казахстан складаюць трактары, малочная прадукцыя, цукар, машыны для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, шыны, мэбля, грузавыя аўтамабілі, лекавыя сродкі. На казахстанскі рынак традыцыйна пастаўляецца таксама папяровая прадуцыя, халадзільнікі, газавыя пліты, пагрузачна‑разгрузачныя машыны і механізмы, прычэпы і паўпрычэпы. У сваю чаргу Беларусь імпартуе пракат плоскі з нелегіраванай сталі, ферасплавы, канвеерныя стужкі, падшыпнікі, солі фосфарных кіслот.

Цяпер на тэрыторыі Казахстана дзейнічаюць беларускія зборачныя вытворчасці трактароў, збожжаўборачных камбайнаў, прэс‑падборшчыкаў, паўпрычэпаў, ліфтаў, рухавікоў. У рознай стадыі прапрацоўкі знаходзяцца каля 30 сумесных праектаў, уключаючы сумесную распрацоўку казахстанскіх радовішчаў калійных солей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?