Ва ўрадзе Беларусі распрацоўваецца дакумент аб павышэнні заработнай платы. Пра гэта ў Мінску 24 верасня на сустрэчы са старшынямі гарадскіх і раённых саветаў дэпутатаў паведаміў намеснік міністра фінансаў Вячаслаў Васіленка.

Ён не стаў гаварыць пра імаверныя памеры павышэння зарплаты і адзначыў, што ў цяперашніх эканамічных умовах неабходна «правядзенне стрыманай палітыкі ў галіне павышэння заработнай платы».

Васіленка падкрэсліў неабходнасць аптымізацыі расходаў як рэспубліканскага, так і мясцовых бюджэтаў. Паводле слоў намесніка міністра, у гэтай частцы прадугледжваецца скарачэнне не адрасных субсідый, павелічэнне расходаў на адрасную сацыяльную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, а таксама скарачэнне капітальных расходаў.

Як адзначыў Васіленка, фінансавы крызіс не мог не закрануць фарміраванне бюджэтаў усіх узроўняў. Разам з тым «бюджэтная палітыка ў дачыненні да мясцовых бюджэтаў у 2009—2010 гадах фарміравалася з улікам прагнозных рэсурсаў і забеспячэння сацыяльных абавязацельстваў бюджэту перад насельніцтвам».

Прадстаўнік кіраўніцтва Мінфіна нагадаў, што ў гэтым годзе расходная частка бюджэту была скарочана на 11 трлн рублёў.

У выніку датацыі мясцовым бюджэтам у цэлым былі скарочаны на 2 трлн рублёў. «Але рэспубліка выконвае ўсе абавязацельствы перад мясцовымі бюджэтамі», — адзначыў Васіленка.

Паводле яго слоў, за студзень—жнівень у бюджэт абласцей былі перададзены датацыі на 3,6 трлн. рублёў, або больш як 64% ад гадавой сумы. У мэтах аказання дапамогі мясцовым бюджэтам таксама былі дадзены пазыкі на агульную суму 618 млрд. рублёў. З іх 89% — на фінансаванне расходаў у сельскай гаспадарцы.

Гаворачы пра змены ў фарміраванні бюджэтаў, намеснік міністра адзначыў, што з 2010 года фонд сацабароны будзе выведзены са складу рэспубліканскага бюджэту і будзе зацвярджацца асобным законам. Пры гэтым у мясцовыя бюджэты за кошт мэтавых субвенцый з гэтага фонду прадугледжваюцца расходы на фінансаванне мерапрыемстваў на забеспячэнне занятасці насельніцтва ў памеры 120 млрд. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?