«ЗША прыме рашэнне наконт адмены ці часовага прыпынення візавых санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў у лістападзе «з улікам дзеянняў, якія зробіць беларускі ўрад».
Рашэнне будзе залежыць ад таго, як складзецца сітуацыя.
Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН заявіў часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлен.
Ён адзначыў, што ЗША хацелі б аднавіць у Мінску «тую колькасць супрацоўнікаў, якая была раней.
Але, прыехаўшы сюды, я даведаўся, што гэта немагчыма, прынамсі, у найбліжэйшай будучыні. Гэта было сказана прадстаўнікамі беларускіх уладаў».
Беларускія ўлады ўвязваюць пытанне аб аднаўленні колькасці амерыканскіх дыпламатаў у Мінску з адменай эканамічных санкцый, якія Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім». У лістападзе Мінфін зноў будзе пераглядаць гэтае пытанне. Ці можна чакаць іх адмены?
Майкл Скэнлен заявіў: «Гэта дзве зусім розныя рэчы. І падчас свайго візіту ў Беларусь памочнік Дзяржсакратара Гордан падкрэсліваў падчас сустрэч з грамадзянскай супольнасцю, палітычных партый, урада, што гэтыя два пытанні не звязаныя адно з другім.
Пытанне санкцый — вельмі спецыфічнае. Мы гатовы яго абмяркоўваць, гатовы весці дыялог з беларускімі ўладамі пра тое, як дасягнуць прагрэсу ў гэтым пытанні.
Адміністрацыя Абамы гатовая будаваць шматгранныя стасункі — пра гэта заяўляла і папярэдняя адміністрацыя ЗША. Урад Беларусі ведае пра тое, што ЗША турбуюць праблемы ў галіне правоў чалавека, выбарчага заканадаўства.