Па стане на 24 ліпеня работнікамі Баранавіцкага лясгасу было нарыхтавана каля 250 кг чарніцаў, што склала толькі 10% ад усяго леташняга аб’ёму нарыхтовак.

Як расказаў інжынэр пабочнага карыстаньня лесу Баранавіцкага лясгасу Леанід Тумаш, масавая нарыхтоўка ягадаў у лесагаспадарках упраўленьня праводзіцца з 6 ліпеня. Паводле ягоных словаў, менавіта пасьля сьвята Купальля чарніцы становяцца больш гаючымі, і таму каштоўнымі. Пагрозы ж назапашваньня чарніцамі радыяцыйных рэчываў у раёне не існуе – «плямаў» тут няма.

Ягады работнікі лесу зьбіраюць разам з сваімі сем’ямі. Сёлета плян па зборы чарніцаў у Баранавіцкім лясгасе складае пяць тонаў, што ўдвая болей, чым было сабрана летась. Тым ня менш, па словах Леаніда Тумаша, наўрад ці сёлета будзе выкананы нават леташні плян, бо да канца збору чарніцаў засталося ўсяго два тыдні.

– Збор чарніцаў сёлета вельмі ўскладнены, – адзначае Тумаш. – Па-першае, ураджайнасьць ягадаў сёлета ня надта высокая, а па-другое, адбіваецца тое, што мясцовае насельніцтва мінулымі гадамі праводзіла нарыхтоўку не ручным спосабам, а з прымяненьнем тэхнікі. У выніку такой нарыхтоўкі у ягадаў шкодзіцца сьцябло і карані, і цягам некалькіх гадоў чарніцы на такіх кустах не вырастаюць…

–Чарніцаў сёлета, па-мойму, хапала. Толькі што праз гарачыню, якая стаяла ў Беларусі ў ліпені, ягады хутка абсыпаліся на зямлю, – расказаў жыхар Баранавічаў Аляксандар Горбач, які зьбіраў чарніцы два тыдні таму недалёка ад гораду. – Тым, хто хацеў назапасіць багата ягадаў і нарабіць кампотаў, сочыва, проста ня трэ было не адкладаць на доўгі час, а зьбіраць ягады апэратыўна.

Тым ня менш, знайсьці чарніцы ў продажы ў прыватнікаў на баранавіцкіх рынках сёньня можна без асаблівых праблемаў. Праўда, цэны на гэтыя ягады кусаюцца – за дзесяцілітровае вядро вам давядзецца заплаціць мінімум дваццаць тысячаў рублёў.

Руслан Гарбачоў, Барометр, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0