Мастак Алесь Шатэрнік надоечы дзяліўся з карэспандэнтам НН пра сваю колішнюю прамову, звернутую да савецкіх чыноўнікаў, у якой выказваў мэтазгоднасць усталявання помніка старажытнаму племені крывічоў ля сталічнага ўніверсаму «Валгаград»: маўляў, нашыя продкі, крывічы, хадзілі ажно да Волгі. Цяпер, як высвятляецца, калі не ладдзі, дык, прынамсі, слава пра гэтае ўсходнеславянскае племя, дакацілася яшчэ далей: да сібірскага Іркуцка. 26 верасня там адбудзецца цэлы вечар, прысвечаны гэтыму прашчурам беларусаў.

Арганізатары вечара — актывісты новастворанага моладзевага клуба «Крывічы» пры Іркуцкім Таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага. «У нас актывісты — гэта маладзёны, чые продкі тры-чатыры пакаленні таму мігравалі ў Сібір, — кажа Алег Рудакоў, кіраўнік таварыства. — Ведаеце, для Іркуцка, дзе кожнага другі прызнаецца, што яго дзед з Беларусі, пытанне, ці наведае нехта вечар, адпадае. Але, спадзяемся, што будуць усе: людзі з беларускімі каранямі і без, бураты, расейцы, проста цікаўныя да мінуўшчыны людзі. Чакаем чалавек трыццаць-сорак».

Выступы на вечары будуць прысвечаныя гісторыі паўставання племені крывічы, іх міфалогіі і адметнасцям светаўспрымання, а таксама адбудзецца дэманстрацыя традыцыйных беларускіх строяў.

Такім чынам, 26 верасня, Іркуцк, канферэнц-зала па адрасе вул. Горкага, 40. Вечар: «Старажытнае ўсходнеславянскае племя Крывічы: гісторыя і традыцыі». Пачатак а 17-й. Не прапусціце!

Крывічы. Усходнеславянскае племя, якое жыло ў басейне верхняга Дняпра, Дзвіны, Волгі. Вядомае па археалагічных помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных навукоўцаў, назва паходзіць ад слова «крэўныя», на думку іншых ад легендарнага родапачынальніка Крыва, а магчыма, узгорыстай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?