Сойм Партыі БНФ на сваім пасяджэнні 26 верасня падтрымаў ідэю стварэння ў Беларусі нацыянальна‑дэмакратычнага блока.
Як паведаміў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, прэзентацыя мэт і задач такога блока можа адбыцца ўжо праз некалькі тыдняў.
«Я вяду перамовы аб стварэнні гэтага блока з лідэрам руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам, а таксама лідэрамі аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўлам Севярынцам і Віталем Рымашэўскім.
Думаю, дзесьці праз два тыдні мы зможам заявіць пра мэты і задачы блока, формы сумеснай працы партый і арганізацый, якія ў яго ўвойдуць», — сказаў Янукевіч.
Ён лічыць, што да будучага блока можа таксама далучыцца міжнародная арганізацыя «Малады фронт», Беларуская сацыял‑дэмакратычная Грамада і аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу.
Паводле слоў лідэра Партыі БНФ, нацыянальна‑дэмакратычны блок будзе імкнуцца пазбегнуць памылак Аб’яднаных дэмакратычных сіл — у ім, у прыватнасці, будзе высокая ступень аўтаноміі суб’ектаў.
Янукевіч таксама паведаміў, што блок ствараецца не пад прэзідэнцкія выбары, «а на перспектыву». «Не толькі да таго моманту, як прэзідэнтам стане дэмакратычны палітык, але і надалей, для каардынацыі працы палітычных сіл, аб’яднаных агульнымі палітычнымі каштоўнасцямі», — падкрэсліў Янукевіч.
Упершыню ідэя стварэння нацыянальна‑дэмакратычнага блока была агучана на з’ездзе Партыі БНФ 5 верасня. Гэтую ідэю падтрымаў лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
***
Партыя БНФ адмовілася ад сустаршынства ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах (АДС). Такое рашэнне прынята 26 верасня на пасяджэнні сойма.
У той жа час партыя вырашыла захаваць сваё прадстаўніцтва ў прэзідыуме АДС. У яго склад уключаны член сойма Уладзімір Лабковіч. Ён надзелены правам удзельнічаць толькі ў тых мерапрыемствах АДС, якія падтрымліваюцца соймам або палітычнай камісіяй Партыі БНФ.
Акрамя таго, паводле рашэння cойма прадстаўнікі Партыі БНФ у рэгіянальных кааліцыях АДС павінны самі вызначаць сваё прадстаўніцтва. Пры гэтым фармат іх удзелу ў кааліцыях АДС не павінен супярэчыць рашэнням з’езда або сойма Партыі БНФ.
Як заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч, змена фармату ўдзелу ў АДС звязана з тым, што структуры, якія ўваходзяць у кааліцыю дэмсіл,
не могуць планаваць сумесную дзейнасць з‑за наяўнасці сур’ёзных палітычных супярэчнасцяў.
Сёння, лічыць Янукевіч, АДС могуць існаваць у форме каардынацыйнага органа, які будзе абмяркоўваць асобныя пытанні — напрыклад, праваабарончую тэматыку або змены ў выбарчае заканадаўства.
Сойм Партыі БНФ 26 верасня падтрымаў ініцыятыву правядзення Беларускага еўрапейскага форуму.
Паводле меркавання членаў сойма, форум павінен прыцягнуць увагу беларускага грамадства да пытання інтэграцыі Беларусі ў Еўрасаюз.
Сойм дэлегаваў у склад аргкамітэта па правядзенні форуму свайго прадстаўніка, а таксама даручыў планава‑аналітычнай камісіі партыі падрыхтаваць прапановы па праектах рэзалюцый, якія рыхтуюцца.
Сойм таксама рэкамендаваў членам Партыі БНФ узяць удзел у рэгіянальных сходах па вылучэнні дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум.
Як паведамлялася раней, форум плануецца правесці ў Мінску 14 лістапада. Яго мэта — садзейнічаць дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам і ўзмацніць еўрапейскі вектар развіцця краіны.
Ініцыятарамі правядзення Беларускага еўрапейскага форуму і заснавальнікамі аргкамітэта выступілі рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, міжнародная маладзёжная арганізацыя «Малады фронт» (Чэхія), а таксама іншыя дэмакратычныя арганізацыі. Старшынёй аргкамітэта па правядзенні форуму абраны лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.