Спаборніцтвамі майстроў грэка‑рымскага стылю завершыўся 27 верасня ў дацкім Хернінгу чэмпіянат свету па барацьбе. У вагавай катэгорыі да 74 кг бронзавы медаль заваяваў беларускі спартсмен Аляксандр Кікінёў.

Стартаваўшы з дзвюх перамог, у 1/4 фіналу Кікінёў саступіў турку Сельджуку Чэбі (0:3, 0:2), які затым стаў чэмпіёнам свету. Наш суайчыннік атрымаў шанец пазмагацца за бронзу цераз суцяшальны турнір, і гэта паспяхова ў яго атрымалася.

Спачатку быў пераможаны казах Асет Адзілаў (1:0, 8:0), а затым прадстаўнік Нямеччыны Канстанцін Шнайдэр (2:0, 1:0).

Медаль Кікінёва стаў адзіным для беларусаў у спаборніцтвах грэка‑рымлян.

У камандным заліку беларуская дружына грэка‑рымлян з 14 баламі заняла 12‑е месца.

У тройку наймацнейшых увайшлі зборныя Турцыі — 44 балы, Ірана — 39 і Азербайджана — 38.

У медальным заліку наперадзе Турцыя — 2 залатыя медалі, 1 бронза, Іран — 1 золата, 3 бронзы, Расія, Азербайджан і Куба, у якім па адным золаце і два бронзавыя медалі.

Раней у Хернінгу завершыліся спаборніцтвы сярод барцоў‑вольнікаў, а таксама жаночыя спаборніцтвы.

Беларусы тут занялі 6‑е месца ў камандным заліку, лепшым з іх быў Рызван Гаджыеў, які стаў бронзавым прызёрам у вагавай катэгорыі да 55 кг.

Адзіны медаль у жаночай дружыне заваявала Алена Філіпава (55 кг), якая заваявала бронзу. У камандным заліку жаночая зборная Беларусі заняла 15‑е месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?