Як паведамілі ў прэс‑службе УУС Гомельскага аблвыканкама, трагедыя адбылася 27 верасня ў вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.
У гэты дзень у сваім доме з нажавым раненнем знойдзены труп беспрацоўнага мужчыны 1964 года нараджэння. Згодна з папярэднім заключэннем экспертызы, смерць наступіла ад пранікальнага колата‑рэзанага ранення сцягна і страты крыві. Устаноўлена, што 27 верасня ў 16.00 15‑гадовая дзяўчына, вучаніца 9‑га класа Ляскавіцкай сярэдняй школы, падчас сваркі з бацькам кінула ў яго нажом і параніла. 27 верасня распачатая справа па арт. 147 КК (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што выклікала смерць).
У Гомельскай вобласці за апошнія два гады гэта не першы выпадак забойства падлеткамі сваіх бацькоў. У 2008 годзе ў Светлагорскім раёне 21‑гадовы хлопец і яго 15‑гадовая сястра забілі бацьку, у студзені 2009 года ў Буда‑Кашалёўскім.
***
У выніку пажару ў вёсцы Залужжа Старадарожскага раёна Мінскай вобласці загінула жанчына і двое яе дзяцей.
Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, выклік паступіў у 2.49 ночы ў панядзелак, 28 верасня. «Пажарных выклікалі мясцовыя жыхары, якія паведамілі, што гарыць ужо дах дома. Падраздзяленне ратавальнікаў прыбыло на месца праз пяць хвілін. Аднак за гэты час агнём быў ахоплены ўвесь дом, і зрабіць было практычна нічога немагчыма», — адзначыў Навіцкі.
З дома выбраўся толькі гаспадар.
«Аднак ён знаходзіўся ў шокавым стане, і не змог патлумачыць, ці ёсць у доме людзі, і дзе яны знаходзяцца.У выніку ў агні загінула жанчына 1986 года нараджэння і двое яе дзяцей ва ўзросце пяці і аднаго года», — сказаў Навіцкі.
Паводле яго слоў, у гэты момант разглядаюцца дзве версіі ўзгарання: парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення (перапальванне печы) або кароткае замыканне ў электрасетцы.
Навіцкі таксама адзначыў, што дом не быў абсталяваны пажарнай сігналізацыяй.