Сёлетнія вучэнні і антураж вакол іх нагадваюць чэрвень 1941 г., калі ў вёску прыйшлі першыя вясёлыя немцы. Піша Руслан Равяка.

Дзве апошнія суботы я правёў на бацькоўскім лецішчы пад Баранавічамі, забаўляючыся паветраным парадам вайсковай тэхнікі.

Дапамагаючы бацькам збіраць ураджай, кожныя пяць хвілін мог назіраць у небе разнастайныя верталёты і самалёты. Яны лятаюць парамі, утрох, адзінцамі, нясуцца высока ў небе ці завісаюць над разорамі. Гелікоптэры наагул рознай афарбоўкі.

Па горадзе гуляе чутка, што на вучэннях ужо загінуў адзін расейскі афіцэр.

Недалёка ад лецішча, за якіх 10 км, адбываецца шкаленне расейскіх і беларускіх вайскоўцаў, а таксама прызваных на зборы —«партызанаў». У горадзе ў адпаведнае надвор’е чуваць стрэлы і выбухі.

У Баранавічах амаль штодня перакрываюць рух — сноўдаюць калоны вайсковай тэхнікі з расейскімі нумарамі.

На тым тыдні ў горадзе каля гатэлю з’явіліся аўтобусы з расейскімі нумарамі і аўто з надпісам «Охрана президента». Панаехала шмат расейскіх супрацоўнікаў спецслужбаў. Відаць, будуць рыхтаваць наваколле да прыезду Мядзведзева, шукаць грузіна-чачэнскіх тэрарыстаў у беларускіх гушчарах. У пятніцу большасьць знаёмых паляўнічых атрымала загад здаць у міліцыю стрэльбы і набоі. А для расейскага войска, таксама па чутках, будуць даваць канцэрт беларускія выканаўцы — на баранавіцкім вайсковым аэрадроме будуюць сцэну.

Беларусы на прысутнасць чужога войска не зважаюць. Адчулі яго хіба дробныя прадпрымальнікі на кірмашы — бо ўсходнія суседзі купляюць шмат розных «танных рэчаў». Наракаюць грыбнікі — на Ляснянскім палігоне заўжды добрыя грыбы растуць, а цяперака туды не пускаюць — снарады рвуцца, танкі ездзяць. Небяспечна.

Думаў, што вучэнні тычаць толькі Баранавіч і наваколля, ажно не. У нядзелю ездзілі ў госці да цёткі пад Ліду. Дык пры дарозе ля некалішняга двара з напаўразбуранай хатаю пабачыў расейскі грузавік, а побач дэсантнікі (увечары па тэлевізары сказалі, што адбылося масавае дэсантаваньне) абтрасалі нічыйныя яблыні. Непадалёк на калгасным полі з кукурузаю ў розных месцах падазрона віравалі хвалі. Чамусьці прыгадаліся савецкія фільмы пра пачатак вайны і з’яўленне ў вёсцы першых вясёлых немцаў…

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0