28.09.2009 / 21:08

У праграме фестывалю «Тэатральны куфар» няма ніводнага спектакля на беларускай мове 1

Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» у шосты раз пачне працаваць у Мінску 28 верасня. Яго арганізатар — Беларускі дзяржаўны універсітэт.

Конкурсныя паказы пройдуць на дзвюх пляцоўках — у ліцэі БДУ і ў Палацы прафсаюзаў. Ад 28 верасня да 3 кастрычніка гледачы ўбачаць 22 пастаноўкі тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славеніі, Англіі, Бельгіі, Мексікі, Сербіі, Германіі, Ірана, Польшчы, Алжыра, Турцыі. У фестывалі возьмуць удзел прыкладна 300 замежных гасцей.

Падчас форуму пройдуць майстар-класы тэатральных рэжысёраў і педагогаў Лейфа Олсана са Швецыі, Арыела Зохара з Ізраіля і Кэралайн Хедлі з Вялікабрытаніі.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Кацярына Саладуха, «Тэатральны куфар — 2009» будзе прысвечаны «жаданням і марам», што адлюструецца ў шэрагу мерапрыемстваў і агульнай канцэпцыі фестывалю — «Калі здзяйсняюцца мары».

На пытанне, чаму ў праграме фестывалю няма беларускамоўных спектакляў, арт-дырэктар творчага форуму, рэжысёр тэатра «На балконе» БДУ Сяргей Турбан адказаў: «Так атрымалася сёлета, што на беларускай мове спектакляў няма,

не ставяць чамусьці нашы тэатры паводле беларускай драматургіі. Дый няма вартай, адэкватнай драматургіі, якая б адпавядала сучасным запытам і тым працэсам, што адбываюцца ў студэнцкім аматарскім тэатры.

А займацца перакладам на беларускую мову якіхсьці вядомых твораў... Напрыклад, мы летась рэпетавалі «Гамлета» на беларускай мове, і было вельмі цяжка. Хочацца, каб быў такі матэрыял, які б арганічна клаўся на індывідуальнасць акцёра. Гэта сумна, што няма матэрыялу на беларускай мове, але мы спрабавалі сёлета неяк кампенсаваць гэта — уся друкаваная прадукцыя ў нас на беларускай і на англійскай мовах, цырымонія адкрыцця будзе на беларускай».

0
Анатоль / Адказаць
29.09.2009 / 10:43
I гэта сумна... Схаджу хоць у чацверг на спектакль тэатру з Англii - паслухаю ангельскую мову.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру