У Мастацкім музеі адчынілася выстава «Заходняя Беларусь у мастацтве». Такога збору тут яшчэ не было.
Міхась Сеўрук. Жніво.
Язэп Драздовіч.
Выстава прымеркавана да 70‑ годдзя ўз’яднання Беларусі. На ёй упершыню сабраныя творы мастакоў Заходняй Беларусі.
Прынамсі ў мастацтве, савецкія часы сканчаюцца. На выставе можна пабачыць творы мастакоў, чые імёны былі адкрытыя мастацтвазнаўцамі толькі ў сярэдзіне 80‑х. У Мінск прывезеныя творы, што захоўваліся ў рэгіянальных музеях, прыватных зборах. І гэтая акалічнасць робіць выставу ўнікальнай.
Варта схадзіць, каб пабачыць творы Язэпа Драздовіча.
Альбо Пятра Сергіевіча, аўтара фрэсак у дзесятках храмаў Беларусі і больш за 600 жывапісных палотнаў — аднак на Радзіме, у адрозненне ад той жа Літвы, яго амаль не ведаюць.
Варта пазнаёміцца з творчасцю Міхася Сеўрука, які быў шчыра захоплены савецкай ідэалогіяй і стварыў цікавую гравюру з выявай Сталіна на фоне гор, а жыццё сваё скончыў выкладчыкам малявання ў маленькай школцы.
Так званая віленская школа жывапісу паўстала дзякуючы Драздовічу. Вільня яшчэ ў Расійскай імперыі была адным з цэнтраў культурнага і мастацкага жыцця на заходніх абшарах. Хоць больш вядомымі былі Кракаў, Варшава, Львоў. У Вільні панавала акадэмічнае мастацтва, якое кіравалася пецярбургскімі ды маскоўскімі ўзорамі. Менавіта Драздовіч і Сеўрук змянілі гэтую тэндэнцыю, стварыўшы беларускую мастацкую школу.
Камусьці з наведнікаў выстаўленыя ў Мастацкім музеі творы пададуцца наіўнымі, хтосьці папракне іх ў местачковасці і назаве аўтараў карцін дылетантамі. Гэта шмат у чым будзе праўдай. Самавукі і рамантычныя пачаткоўцы ўражваюць гэтай шчырай наіўнасцю. Так усё пачыналася.