29.09.2009 / 11:04

Прэзентаваны Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»

Устаноўчы сход прайшоў у мінскім гатэлі Crowne Plaza.

28 верасня ў мінскім гатэлі Crowne Plaza адбылася прэзентацыя Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».

Асновай Інстытута стала група маладых даследчыкаў, што склалася вакол часопіса «Палітычная сфера», заснаванага яшчэ ў 2001 годзе. Сярод іх Андрэй Казакевіч — дырэктар, Андрэй Асадчы — асістэнт дырэктара, Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Ягораў, Сяргей Богдан, Андрэй Валодзькін, Аляксей Крывалап, Аляксей Ластоўскі, Аляксандр Філіпаў, Андрэй Храпавіцкі.

Галоўнымі мэтамі дзейнасці Інстытуту павінны стаць інтэграцыя беларускіх навукоўцаў у міжнародную акадэмічную супольнасць, фармаванне прафесійнай супольнасці даследчыкаў палітыкі ў Беларусі, мадэрнізацыя выкладання палітычных дысцыплін.

Новая інстытуцыя плануе актыўна займацца выдавецкай, аналітычнай і акадэмічнай дзейнасцю.

Нагадаем, што ініцыятары стварэння Інстытута палітычных даследванняў «Палітычная сфера» ад 2006 года з’яўляліся супрацоўнікамі дэпартамента паліталогіі ЕГУ.

Аднак з прычыны непаразуменняў з кіраўніцтвам універсітэта заявілі аб магчымасці сыходу з установы.

Алесь Пілецкі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру