Толькі год голас Ірыны Дарафеевай калыхаў маленькіх беларусаў у перадачы «Калыханка» на тэлеканале «Лад». І хоць сама спявачка разлічвала, што пад яе песню вырасце не адно пакаленне беларусаў, дырэкцыя тэлеканала разглядае пытанне пра вяртанне да старога варыянту музычнай кампазіцыі на верш Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка.

Галоўны дырэктар тэлеканала «Лад» Сяргей Кухто сказаў «Салiдарнасцi»:

«У нас дастаткова актыўная пошта. Мы таксама арыентуемся на нашыя рэйтынгі. Гэта, канечне, не аргумент для нас, але ў любым выпадку, добрая падказка. Мы ж мянялі [стары варыянт на песню ў выкананні Дарафеевай] не з прычыны жорсткай неабходнасці, а ў якасці эксперыменту. Іра прапанавала гэту песню. Мы дастаткова доўга спрачалаліся, але вырашылі паспрабаваць.

Паводле дырэктара, новы варыянт не вельмі добра быў успрыняты тэлеаўдыторыяй. А вядома гэтага стала з лістоў тэлегледачоў:

— Не сказаць, што быў была велізарная плынь лістоў, але былі думкі, што нам не трэба было гэтага рабіць.

Рэальна атрымліваецца так, што не адно пакаленне вырасла на старой «Калыханцы».

І лісты былі ад дарослых людзей, канечне, якія разам з дзецьмі глядзяць нашу перадачу. дый мы самі, лічачы сябе дастаткова прафесійнымі тэлегледачамі, таксама пабачылі, што, найхутчэй, мы паспяшаліся.

Як распавёў Сяргей Кухто, у загашніку тэлеканала было некалькі песень. Яны таксама разглядаліся, дый зараз разглядаюцца.

Аднак у сваіх творчых спрэчках супрацоўнікі тэлеканала прышлі да высновы, што стары варыянт пасуе лепш за астатнія.

Тым не менш канчатковае рашэнне яшчэ не прынята. Тэлеканал прапанаваў Васілю Раінчыку запісаць новы варыянт музыкі з рознымі выканаўцамі.

Сам жа галоўны дырэктар «Лад» — прыхільнік старога выканання «Калыханкi» з Ядвігай Паплаўскай.

— У яе голасе адчуваецца не толькі якасць. але і пражытыя гады. Мяркую, што дзіця давярае гэтаму голасу. Але ўсё будзе вырашаць Раінчык. Магчыма, гэта будзе нейкі сучасны арыгінальны мікс, аранжыроўка. Магчыма, Васіль Пятровіч прапануе нам два‑тры варыянты вакальнага выканання — дуэтам ці сольнага, каб у нас была магчымасць выбару.

У той жа час, паводле Кухто, калыханку ў выкананні Дарафеевай пакуль не скідаюць з рахунку.

— Мы будзем параўноўваць і са старым варыянтам у выкананні Паплаўскай і з новым варыянтам Дарафеевай. Гэта не азначае, што заўтра ўсё мяняем. Калі з’явіцца новы варыянт, мы параўнаем. Калі гэта будзе выйгрышна, мы, спадзяюся, неяк арганічна зменім выкананне. Бо апроч выканання, вельмі важна відэа, важна, якую карцінку бачыць дзіця, ‑‑ дадаў дырэктар тэлеканала «Лад».

Наталля Сядун, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0