Манеўры «Захад-2009» завяршыліся 29 верасня «паспяховым разгромам умоўнага праціўніка». За гэтым віртуальным трыумфам разам са старэйшым і малодшым Лукашэнкамі назіраў расійскі прэзідэнт.

«Дык што, танкі НАТО на Маскву не прайшлі?» — запытаўся я ў вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна. «Яшчэ болей, — у тон адказаў той. — Нашы танкі пайшлі на Балтыю».

Эксперт нагадаў: расійскія стратэгі называюць Беларусь «пятлёй на шыі Прыбалтыкі». Гэтыя маштабныя вайсковыя гульні мадэлююць гіпатэтычны канфлікт з НАТО. На думку Алесіна,

апафеоз манеўраў — контрудар па умоўным праціўніку — згодна са сцэнаром мае на мэце прарвацца на дапамогу «блакаднаму Калінінграду», а затым і авалодаць балтыйскім плацдармам (куды іначай заходні праціўнік мог бы перакінуць свае сілы).

Не выпадкова ж Мядзведзеў днём раней назіраў за высадкай марскога дэсанту ў Калінінградскай вобласці. Там ён падкрэсліў: нашы манеўры — выключна абарончыя. Але ў Вільні, Рызе, Таліне, Варшаве разумеюць месідж Крамля: калі што — мала не здасца.

Канечне, гэта ўсё — толькі баявыя стойкі, псіхалагічнае ўздзеянне. У тым ліку і самазаспакаенне расійскіх эліт: ёсць порах у парахаўніцах!

«На самай справе так даўно не ваююць. Расійскія войскі нетаропка прыязджалі па чыгунцы аж з 9 верасня. Гэта мне нагадвае першую сусветную, калі цягнікі з салдатамі тыднямі ішлі з Сібіры на фронт, — кажа Алесін. — Зараз такія кантынгенты былі б знішчаныя крылатымі ракетамі, не паспеўшы пагрузіцца. Так што цяперашнія манеўры — гэта найперш палітычныя захады».

Застаецца пытанне, якія пернікі гатова даць Масква за дэманстрацыю «братэрства па зброі». Яна наўрад ці расшчодрыцца. Па-першае, Мінск яшчэ не падпісаў дамову пра КСАР. Па-другое, у парадку дня восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў Абхазія з Паўднёвай Асеціяй пакуль што не фігуруюць.

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0